Пасля вяртання частковага прызыву ў Літве могуць увесці ўсеагульны вайсковы абавязак


lithuanian_soldiers1

Літоўскія жаўнеры

У Літве абмяркоўваюць магчымасць вяртання ўсеагульнага вайсковага абавязку.

На дадзены ж момант, паводле экспертаў, літоўскаму войску недзе было б размясціць дадатковыя тысячы прызыўнікоў, не хапіла б сродкаў на экіпіроўку, а таксама бракавала б патрэбнай колькасці інструктараў.

«З цяперашняй інфраструктурай і фінансаваннем мы не можам вярнуць вайсковы абавязак», – заявіў у каментары «BNS» капітан Міндаўгас Неймонтас.

Кандыдат у прэмʼеры Літвы ад Літоўскага звязу сялянаў і зялёных Саўлюс Скверняліс адзначыў, што пераход на ўсеагульны вайсковы абавязак – «зразумелы і адназначны».

«Для гэта трэба правесці падрыхтоўчыя працы: інвеставаць у інфраструктуру, узбраенне і тэхніку, стварыць эфектыўныя механізмы заахвочвання і матывацыі», – сказаў Саўлюс Скверняліс.

Чаму так складана вярнуць агульны прызыў

Частковы прызыў у Літве ўзнавілі летась – у адказ на дзеянні Расеі ва Украіне ды ў Балтыйскім рэгіёне.

Літоўскі парламент ужо вырашыў у наступныя 5 гадоў прызываць у войска 3,500 – 4 тыс. прызыўнікоў у год, а ўсеагульны вайсковы абавязак павялічыў бы гэтую колькасць у некалькі разоў. Паводле папярэдніх падлікаў, у Літве зараз больш за 26 тыс. выпускнікоў.

Каб увесці ўсеагульны вайсковы абавязак, трэба павялічыць колькасць месцаў у частках, цяпер іх запоўненасць складае больш за 70%. Акрамя таго, Літва зараз шукае месца для размяшчэння 1000 ваенных саюзнікаў, якія прыбудуць у балтыйскую краіну ў наступным годзе.

Да таго ж, спатрэбіцца больш малодшых афіцэраў, якія навучалі б прызыўнікоў. Нават у цяперашніх умовах у сухапутных войсках не хапае 400 такіх афіцэраў.

Чытайце таксама >>> Эфект Пуціна: Краіны Усходняй Еўропы разбудоўваюць арміі і купляюць зброю

Прызыўнікам патрэбныя ўніформа і экіпіроўка, а ўсе гэтыя інвестыцыі могуць перашкодзіць набыццю БТРаў і сістэмаў супрацьракетнай абароны.

Вайсковы эксперт Дэйвідас Шлейкіс мяркуе, што на ўсеагульны вайсковы абавязак не хопіць нават 2 % ВУП Літвы, паколькі трэба абнаўляць тэхніку і тэхналогіі.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што да ўсеагульнага абавязку трэба рыхтаваць і грамадства, больш увагі трэба надаваць выхаванню ў школе, прывучыць да гэтай думкі ўніверсітэты і працадаўцаў:

«Калі палітыкі вырашаць прызываць і дзяўчат, то па сутнасці трэба будзе пераасэнсаваць ролю жанчыны ў нашым грамадстве».

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt

Стужка навінаў