Пасля тэракту ў Кашміры Індыя абвінаваціла Пакістан у дапамозе тэрарыстам


Тэрарыст-смяротнік 14 лютага пратараніў машынаю аўтобус, які перавозіў індыйскіх вайскоўцаў у Кашміры. У выніку тэракту загінулі 44 чалавекі.

Адказнасць за напад узяла на сябе пакістанская ісламісцкая групоўка «Джайш-э-Мухамад». Індыйскі ўрад абвінаваціў Пакістан у тым, што ён дазваляе баевікам бесперашкодна дзейнічаць на сваёй тэрыторыі.

«Мы патрабуем, каб Пакістан спыніў падтрыманне тэрарыстаў і тэрарыстычных груповак, якія дзейнічаюць на іх тэрыторыі, і дэмантаваць інфраструктуру, якая выкарыстоўваецца тэрарыстычнымі лідарамі для арганізацыі нападаў у іншых краінах», – адзначаецца ў заяве МЗС Індыі.

Улады Пакістана гэтыя абвінавачванні зняпраўджваюць. У Ісламабадзе сцвярджаюць, што не дапамагаюць тэрарыстам, а толькі маральна і дыпламатычна падтрымліваюць жыхароў у іх імкненні да самавызначэння.

Кашмір – памежны рэгіён, прадмет тэрытарыяльных спрэчак паміж Пакістанам і Індыяй. Большасць насельніцтва там – мусульмане.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў