«Пасля такога яе не возьмуць на працу»: калега працаўніцы Слуцкага стадыёну, якая нічога не рабіла і атрымлівала заробак


Паводле былой калегі Ларысы Грыгаровіч, якая адказвала за пракат канькоў на гарадскім стадыёне ў Слуцку і нядаўна праславілася на ўвесь байнэт, жанчына сварылася з калектывам і скардзілася на дырэктара стадыёну ў выканкам. Пра гэта піша рэгіянальнае выданне mlyn.by.

На мінулым тыдні Belsat.eu распавядаў, што 51-гадовую Ларысу Грыгаровіч неўзабаве папоўніць шэрагі дармаедаў. Нагадаем, што ў верасні ейная гісторыя трапіла ў топы байнэту. Жанчына патрабавала даць ёй працу або скараціць. Яна таксама прызналася, што на працы нічога не робіць. «Сядзець на працы і нічога не рабіць – вельмі цяжка, у першую чаргу псіхалагічна», – тлумачыла жанчына.

Праз два месяцы высветлілася, штоГрыгаровіч далі падпрацоўку – прыбіраць службовыя памяшканні.

«Я працавала, усё было нармальна, але мінула два месяцы, мне пачалі выстаўляць прэтэнзіі, якія не звязаныя з маёй працай. Я лічу, проста каб не працягнуць са мной кантракту. Тлумачэнняў ніхто не даваў. Відаць, гэта праз тое, што я звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, і толькі тады нешта змянілася. Пазней мне прыватна сказалі, што я разварушыла гняздо», – распавяла Грыгаровіч Belsat.eu.

«Разварушыла гняздо»: працаўніцу Слуцкага стадыёну, якая нічога не рабіла і атрымлівала заробак, звальняюць

Калега Ларысы Грыгаровіч распавяла журналістам mlyn.by іншую версію прычынаў звальнення.

Ірына Васілеўская. Фота – mlyn.by

«Мы [працаўнікі стадыёну. – Заўв. Belsat.eu] ведаем, што такое ўзаемадапамога: трэба прапыласосіць трэнажорную залу або памыць трыбуны – любы працаўнік гатовы гэта зрабіць, – кажа Ірына Васілеўская, працаўніца стадыёну з 20-гадовым стажам, в.а. дырэктара стадыёну. – Ларыса Міхайлаўна [Грыгаровіч] ніколі не пагаджалася. Вельмі канфліктны чалавек, цяжка сыходзіцца з людзьмі. Акрамя таго, яна ўвесь час сыходзіла па сваіх справах у працоўны час. Апошнім часам мы сталі ейныя прыходы і сыходы фіксаваць на відэакамеру. Мы палічылі, што за гэты год Ларыса Міхайлаўна шэсць разоў была на бальнічным і 11 дзён брала за свой кошт. Пры норме 305 дзён у яе 193 працоўных дня.

Наш горад маленькі і кожны ведае адзін аднаго. Кажуць, што Ларыса Міхайлаўна падчас аднаго з бальнічных нават з’ездзіла на пакупкі ў Польшчу. Пасля такога скандалу малаверагодна, што яе нехта возьме на працу ў нашым горадзе».

ЮВ, belsat.eu, паводле mlyn.by

Глядзі таксама
Каментары