Пасля скандалу ў Гомлі школьнікаў масава прымушаюць здаваць усе гэджэты перад заняткамі


Адміністрацыі адразу некалькіх школаў у розных гарадах Беларусі запатрабавалі ад бацькоў вучняў пісьмовую згоду на тое, каб да пачатку ўрокаў дзеці здавалі ўсе электронныя прылады.

Пасля скандалу ў гомельскай школе № 15, дзе на відэа, знятае вучнямі 4-й класы, трапілі нецэнзурныя выказванні настаўніцы Людмілы Чацвяртковай, школьнікаў абавязваюць здаваць свае тэлефоны. Каб атрымаць бацькоўскую згоду, праз дзяцей ім накіроўваюць ліст у адвольнай форме, пад якім бацькі мусяць паставіць свой подпіс.

Гомельская сярэдняя школа №15, дзе кіраўнік краіны аднавіў на працы «настаўніцу з партай». Фота belsat.eu
Гомельская сярэдняя школа №15. Мясцовы скандал можа адбіцца на школьніках ва ўсёй краіне. Фота belsat.eu

«Здайце свае мабільныя тэлефоны»

У гамельчука Аляксея Ялісеева чацвёра дзяцей вучацца ў школе №61 – у 9, 7, 4 і 2 класах.

«Мой сын, сямікласнік, прынёс паперу ад класнага кіраўніка, дзе гаворыцца, што з намі праведзеная гутарка і цяпер ён у школе будзе здаваць усе сродкі электроннай сувязі. Я звязаўся з дырэктаркай для тлумачэнняў, але яна пачала казаць, што гэта ініцыятыва настаўнікаў. Хаця мы выдатна разумеем, у якой краіне жывем і чаму гэта адбываецца менавіта цяпер», – разгублена кажа Аляксей.

На ягоную думку, нельга пазбаўляць дзіця права ў любы момант патэлефанаваць або напісаць бацькам.

«Мае дзіця валодае правамі, іх нельга проста так абмежаваць! Сёння толькі дзякуючы гаджэтам могуць абараніць сябе не толькі дзеці, а і настаўнікі таксама, дарэчы. Таму самае дурное рашэнне – адбіраць іх», – абураецца Аляксей і кажа, што не збіраецца пагаджацца з новымі патрабаваннямі.

У панядзелак ягонай дачцэ, якая вучыцца ў 9-й класе той жа школы, класная кіраўніца дала паперку з надпісам «Пратакол аб правядзенні тлумачальнай працы з бацькамі 9 «А» класы аб абмежаванні выкарыстання мабільных тэлефонаў і іншай аналагічнай апаратуры падчас адукацыйнага працэсу ў школе ў любым рэжыме». Але, паводле словаў Ялісеева, ніякай «тлумачальнай працы» з імі ніхто не праводзіў.

«Мы ўсё даведаліся ад дзяцей, па запісках. Я так разумею, што школе далі з раённага аддзелу адукацыі паскорыць працэс і ладзіць сходы ім няма часу», – дадае ён.

У гомельскай школе, у якой пасля скандалу Лукашэнка вярнуў настаўніцу, ад сённяшняга дня новы дырэктар. Фота belsat.eu

Гімназія суворага рэжыму: ні званкоў, ні фота

22 верасня тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў унутраную інструкцыю менскай гімназіі №33. Дакумент, зацверджаны дырэктарам навучальнай установы, тычыцца выкарыстання тэлефонаў і «іншых мультымедыйных сродкаў сувязі ў гімназіі». Адметна, што ў якасці даты зацвярджэння на інструкцыі стаіць 28 жніўня, а скандал у гомельскай школе выбухнуў толькі 13 верасня. Крыніца, знаёмая з сітуацыяй у гімназіі, пацвердзіла belsat.eu, што яшчэ на пачатку году пра новыя правілы нічога не было вядома.

Як вынікае з дакументу, цяпер вучням гэтай установы забараняецца:

  • карыстацца гаджэтамі ў любым рэжыме (размаўляць па тэлефоне, дасылаць смс-паведамленні, карыстацца GPRS, Bluetooth, інтэрнэтам) падчас вучэбных заняткаў, класных і інфармацыйных гадзін і іншых мерапрыемстваў;
  • слухаць музыку без навушнікаў у памяшканні гімназіі да і пасля ўрокаў;
  • здымаць любое фота і відэа «удзельнікаў адукацыйнага працэсу» і нават проста будынку гімназіі без дазволу адміністрацыі або педагога.

Гэта значыць, што без іх санкцыі падлеткі цяпер не змогуць, напрыклад, зрабіць сэлфі з аднакласнікамі. Асобна прапісаны пункт – вучням забараняецца «свядома наносіць шкоду іміджу ўстановы адукацыі».

Акрамя таго, карыстацца тэлефонамі забаронена і настаўнікам, у якасці выключэння – экстраныя сітуацыі. Пры гэтым у інструкцыі няма вызначэння паняцця такой сітуацыі, не тлумачыцца, калі дарослым усё ж можна пазваніць у адпаведныя службы. Пры парушэнні правілаў педагог будзе абавязаны скласці дакладную запіску, каб потым вучань атрымаў папярэджанне, выклік бацькоў або вымову.

Валянцін Стэфановіч, фота belsat.eu

Праваабаронца: «Настаўнік можа папрасіць выключыць тэлефон, але не адбіраць»

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што педагог цалкам можа запатрабаваць ад вучня не выкарыстоўваць гаджэты падчас заняткаў, бо гэта пытанне дысцыпліны.

«Можна папрасіць выключыць тэлефон або адключыць гук, у настаўнікаў ёсць дастаткова механізмаў уздзеяння. Аднак на тое, каб тэлефон у дзяцей адабралі, бацькі маюць права не даваць згоды», – кажа Стэфановіч.

У першую чаргу, пад пагрозай можа апынуцца бяспека дзіцяці, лічыць праваабаронца.

«Гэта ўжо пытанне бяспекі. Дзіця ж можа захварэць ці яшчэ нешта здарыцца… У такім разе, натуральна, бацькі хочуць, каб яно было заўсёды дасяжнае», – дадае ён.

13 верасня рэгіянальнае выданне «Моцныя навіны» апублікавала відэа, знятае навучэнцам 4-й класы гомельскай школы №15 на ўроку расейскай мовы. На відэа настаўніца з 35-гадовым стажам Людміла Чацвярткова стаяла з партай над хлопчыкам, нецэнзурна выражалася і дакраналася да галавы дзіцяці. Для разбіральніцтва ў школу прыехалі мясцовыя чыноўнікі і на наступны дзень Чацвярткова была звольненая і прынесла прабачэнні бацьку хлопчыка. Некаторыя іншыя бацькі пашкадавалі аб яе звальненні.

Hавiны
У гомельскай школе, у якой пасля скандалу Лукашэнка вярнуў настаўніцу, новы дырэктар
2019.09.24 10:23

Аднак 18 верасня настаўніцу вярнулі на пасаду па наўпроставым загадзе Аляксандра Лукашэнкі, а звольнілі ўжо шэраг чыноўнікаў ад адукацыі і дырэктара школы. «Я б на месцы настаўніка адвярнуў галаву шчанюку нейкаму», – заявіў Лукашэнка. Пасля гэтага хлопчыка з бацькам выклікалі ў міліцыю, а ў школы пачалі ўводзіць забарону на карыстанне гаджэтамі.

На дадзены момант і бацька хлопчыка, і Людміла Чацвярткова з прэсай кантактаваць адмаўляюцца.

КА belsat.eu

Стужка навінаў