Пасля патрабаванняў «Беллёгпраму» ўлады абмежавалі працу крамаў сэканд-хэнду


Сэканд-хэнд у «Пасажы на Нямізе»

Крамам сэканд-хэнду ў Беларусі забаранілі гандляваць новай адзежай. Абмежаванне прадугледжанае пастановай ураду № 774 ад 30 снежня 2020 года.

Дакумент забараняе продаж у адным гандлёвым аб’екце былых ва ўжыванні і новых футравых вырабаў, абутку, адзення швейнага і трыкатажнага (акрамя новай швейнай і трыкатажнай бялізны).

Таксама пад забаронай продаж у адным таварным аддзеле (секцыі) былых ва ўжыванні (акрамя букіністычных выданняў) і новых тавараў.

Паводле пастановы, былыя ва ўжыванні нехарчовыя тавары – гэта нехарчовыя тавары з бачнымі прыкметамі нашэння, мыцця, эксплуатацыі. Да іх таксама адносяцца нехарчовыя тавары належнай якасці з захаваннем таварнага выгляду, спажывецкіх уласцівасцяў без таварных этыкетак, калі іх наяўнасць прадугледжаная вытворцам, а таксама нехарчовыя тавары, прынятыя паводле дамоваў камісіі ад грамадзянаў.

Hавiны
«Беллёгпрам» патрабуе абмежаваць сэканд-хэнд у буйных гарадах
2020.03.02 08:56

У лютым 2019 года дырэктарка «Беллёгпраму» Таццяна Лугіна звярнулася да ўраду з просьбай абараніць канцэрн ад імпарту. А ў чэрвені таго ж года прапанавала не толькі абмежаваць імпарт сэканд-хэнду, але і стварыць онлайн-краму для дзяржаўных вытворцаў адзення.

У 2020 годзе «Беллёгпрам» працягваў настойваць на рэгуляванні дзейнасці крамаў сэканд-хэнду.

«Зачыняць, не зачыняць – мы свае прапановы агучвалі і будзем агучваць. А нейкае рэгуляванне такога гандлю мы ўсё роўна прапаноўвалі і будзем прапаноўваць. Магчыма, калі не закрыццё, то вынас яго з нейкіх абласных гарадоў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліцаў. Мы за сумленную канкурэнцыю. Калі нашы прадпрыемствы вытрымліваюць усе тэхрэгламенты, патрабаванні, мы правяраем адзенне на ўсе паказнікі бяспекі, таму і на рынку хочацца, каб усе аналагічна працавалі», – патлумачыла Таццяна Лугіна.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў