Пасля новых выбараў сярэдні заробак можа вярнуцца да $ 400


Пасля рэзкага росту ў снежні 2018 года сярэднія намінальныя заробкі беларусаў у студзені 2019-га гэтак жа рэзка абваліліся. Калі паводле звестак Белстату ў снежні сярэдні беларус зарабіў Br 1115,3, дык у студзені, як распавёў прэм’ер Сяргей Румас, – толькі Br 982. Абвал склаў амаль 12 %.

У выніку ў студзені 2019 года беларусы зараблялі ў сярэднім нават менш, чымся ў снежні 2017-га – тады сярэдні заробак у Беларусі склаў Br 995,3.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, снежаньскія заробкі за апошнія дзесяць гадоў абвальваліся ў студзені дзевяць разоў. Не змяншаліся яны толькі ў 2012 годзе, калі заробкі выраслі на 29 капеек з улікам дэнамінацыі 2016 года.

Не лепшая сітуацыя і з абяцанымі 500 доларамі. У доларавым эквіваленце сярэдні беларускі заробак у студзені паводле сярэдняга курсу за мінулы месяц склаў $ 455 супраць адпаведнага заробку ў снежні $ 523. То бок беларусы, толькі-толькі дасягнуўшы абяцанага яшчэ з далёкага 2004 года сярэдняга заробку $ 500, ізноў зрабілі крок назад.

Паводле звестак Белстату і Нацыянальнага банку, гадавыя сярэднямесячныя заробкі беларусаў з 2004 года толькі двойчы перавышалі адзнаку $ 500 – у 2013-ім і 2014 гадах. У астатнія гады гэты паказнік заставаўся няздзейсненаю марай – як для ўладаў, гэтак і беларусаў. Улады настолькі стаміліся абяцаць 500-доларавыя заробкі, што ўжо кажуць пра хоць і блізкія, але меншыя заробкі памерам Br 1000. Але і тут, як бачым па заробках у студзені, яны поспеху пакуль не дасягнулі.

І калі звычайным беларусам ужо некалькі гадоў толькі абяцаюць павысіць сярэднія заробкі да $ 500, дык у дачыненні хакеістаў, на якіх вылучылі мільёны з дзяржаўнага бюджэту, гэта ўжо гучыць як пагроза.

Беларускі эканаміст Леў Марголін у каментары Belsat.eu патлумачыў штогадовы рост заробкаў у Беларусі ў снежні жаданнем падцягнуць паказнік сярэднегадавога заробку, каб «на канец года быў нейкі рост сярэдняга заробку». Робіцца гэта за кошт «усялякіх прэміяў, 13-ых і 14-ых заробкаў». А ў студзені сярэдні заробак, не маючы гэтых бонусаў, падае, адзначыў суразмоўца.

Адносна працяглых спробаў уладаў дасягнуць мэты Br 1000 эксперт падкрэсліў, што «тысяча рублёў тры гады і сёння – гэта не адная і тая ж тысяча». Увогуле, на ягоную думку, беларуская эканоміка не ў стане вытрымаць такіх заробкаў. «Калі мы спытаем тых, хто жыве не ў Менску, а ў правінцыі, нават у абласных цэнтрах, я ўжо не кажу пра раённыя, то там нават пра 800 і 600 рублёў застаецца толькі марыць. Бо там звычайна ўжо 500 рублёў лічыцца нармальным заробкам», – заявіў Леў Марголін.

Працаўнік цэху. Фота – Ірына Арахоўская/белсат

Дасягнуць заробкаў $ 1000, мяркуе эканаміст, можна толькі двума спосабамі. У першым выпадку можна запусціць друкарскі станок і надрукаваць пустыя грошы. «Але чым гэта заканчваецца, мы ведаем, напэўна, лепш за ўсіх у свеце. У нас адразу паніжаецца курс беларускага рубля», – адзначыў ён.

Другі спосаб суразмоўца бачыць у скарачэнні колькасці работнікаў за кошт укаранення новага абсталявання, «але на гэта ўсё патрэбныя грошы, а грошай няма, інвестыцыі ў краіну не ідуць». «Таму гэтая мара пра 1000 рублёў робіцца такою казкаю», – кажа эксперт.

У выпадку ж, калі напярэдадні будучых выбараў заробкі беларусаў стануць напампоўваць пустымі грашыма, Леў Марголін лічыць вартым чакаць росту курсу долара. У выніку чаго праз некалькі месяцаў у доларавым вымярэнні заробкі зноў вернуцца да той самай велічыні – $ 400.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў