Пасля масавага забойства ў Сірыі баевікі ІД захапілі 400 закладнікаў


Баевікі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» захапілі не менш за 400 чалавек у раёне сірыйскага гораду Дэйр эз-Зор, паведамляе сірыйская Наглядальная рада правоў чалавека, якая базуецца ў Лондане.

«Пасля атакі на горад Дэйр эз-Зор (Deir ez-Zor) баевікі «Ісламскай дзяржавы» ўзялі ў закладнікі не менш за 400 жыхароў яго прыгараду аль-Бугайлія (Al-Bughayliyah). У закладніках аказаліся жанчыны і дзеці з мясцовай суніцкай грамады, а таксама чальцы семʼяў праўрадавых апалчэнцаў», – паведаміў кіраўнік рады Рамі Абдулрахман (Rami Abdulrahman).

Палонных перамясцілі ў раёны, падкантрольныя «Ісламскай дзяржаве».

Раней паведамлялася, што таксама ў раёне Дэйр эз-Зор баевікі ІД учынілі масавую расправу над 300 жыхарамі гораду.

Дзяржаўныя медыі Сірыі паведамляюць, што загінулі пераважна сталыя людзі, жанчыны і дзеці, у той час як актывісты сірыйскай апазіцыі заяўляюць, што ахвярамі «Ісламскай дзяржавы» сталі салдаты сірыйскай арміі, апалчэнцы ды іхныя сямейнікі.

Ліванскі тэлеканал «Аль-Маядыйн» (Al Mayadeen), блізкі да сірыйскіх уладаў, у сваю чаргу таксама паведаміў, што баевікі «Ісламскай дзяржавы» расправіліся з дзясяткамі людзей, у ліку якіх жанчыны і дзеці. Іхныя целы скінулі ў раку Эўфрат.

«Ісламская дзяржава» кантралюе большую частку правінцыі Дэйр эз-Зор, а таксама частку аднайменнай сталіцы гэтай правінцыі. Сірыйскае войска займае паўночную частку гораду і вайсковы аэрадром, размешчаны паблізу.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў