Пасля гвалтоўнага затрымання мужа ў 32-гадовай пружанкі, маці чатырох дзяцей, здарыўся інсульт. Патрэбная пільная рэабілітацыя

Шматдзетную сям’ю Сахарук у Пружанах ведаюць добра. Муж Юліі Анатоль працуе на СТА, дзе абслугоўвае транспартныя сродкі мясцовы аддзел міліцыі. Гарвыканкам выдзеліў ім субсідыю на будоўлю дому, дзеці на добрым рахунку ў настаўнікаў, атрымліваюць граматы і ўзнагароды за спартовыя дасягненні. Усё гэта не перашкодзіла праваахоўнікам скалечыць лёс маладой пары з чатырма няпоўнагадовымі дзецьмі.

10 жніўня Анатоль святкаваў свае 35-я народзіны. Мужчына з жонкай Юліяй і сябрамі вырашылі адзначыць іх пасля працы ў адной з гарадскіх кавярняў. А 20-й па дарозе да месца сустрэчы за 200 метраў пара ўбачыла ззаду аўтазак, з якога пачалі выскокваць пераапранутыя ў форму АМАПу мясцовыя міліцыянты і працаўнікі Дэпартаменту аховы, хапаючы выпадковых мінакоў. Анатоль з жонкай і сябрам спыніліся, бо не разумелі, што адбываецца і чаму людзей ні за што цягнуць у аўтазак.

Юлія і Анатоль. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Кіраваў гэтым атрадам капітан міліцыі з Дэпартаменту аховы Дзмітрый Фамянюк. Прабягаючы міма, ён загадаў грузіць мяне ў аўтазак. Мяне шмат хто з РАУС ведае, бо я працую на СТА, а ў міліцыі дамова падпісаная з намі на абслугоўванне спецтранспарту. Жонку ведаюць таксама, ейны брат працаваў у Дэпартаменце аховы. Напярэдадні я рамантаваў той аўтазак, у які мяне пасля і цягнулі», – кажа Анатоль.

Камандзір аддзялення групаў затрымання Аляксандр Кунда

Знаёмцы аднак не пачулі просьбы Анатоля і Юліі пакінуць іх у спакоі, бо яны нічога не парушалі. Камандзір аддзялення групаў затрымання Аляксандр Кунда раздзяліў Юлію і Анатоля, якія трымаліся за рукі. Мужчыну пачалі круціць і гвалтоўна адціскаць ад жонкі. Пружанін не супраціўляўся, сказаў, што пойдзе добраахвотна. Да таго, як сесці ў аўтазак, ён папрасіў дазволу аддаць жонцы ключы ад аўтамабіля і тэлефон. У аўтазаку Анатолю ўсё ж удалося давесці, што ён ні ў чым невінаваты.

«Яны не ведалі, што рабіць. Загадаў адпусціць мяне начальнік пашпартнага стала, які, так разумею, камандаваў аўтазакам».

Юлія з сынам. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Анатоль забраў жонку, яны ўсё ж дайшлі да кавярні, дзе сустрэліся з сябрамі. І ў Юліі і ў Анатоля засталіся сінякі, атрыманыя ад гвалтоўных дзеянняў міліцыянтаў. Гэта пацвярджаюць знаёмцы, якія бачылі сляды на ўласныя вочы. У той жа вечар Юліі стала блага. На другі дзень яна таксама скардзілася на самаадчуванне. Пад вечар пасля паходу ў краму ўдома ёй зрабілася кепска ў ванным пакоі.

«Да мяне прыбягае сын і крычыць, што мама ўпала ў ваннай. Калі я забег, убачыў, што ў яе інсульт. Мы выклікалі хуткую. Яе забралі ў рэанімацыю пружанскай больніцы. Неўрапатолаг прызначыў КТ у берасцейскім шпіталі № 6. Тамаграфія кровазліцця не паказала, яе забралі ў Берасцейскую абласную больніцу. Там МРТ паказала разрыў соннай артэрыі. Дыягназ – ішэмічная атака мозгу, у выніку чаго здарыўся інсульт. Нам сказалі, што гэта з вялікай доляй верагоднасці адбылося на фоне стрэсу. Хранічных захворванняў у Юлі ніколі не было, яна без праблемаў сама нарадзіла чацвярых дзяцей, з нервамі было ўсё ў парадку».

Юлія. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У кардыёрэанімацыі Юлія прабыла амаль тры тыдні, толькі 31 жніўня яе перавялі ў нейрахірургічнае аддзяленне. Жанчына ўвесь час была прытомная, разумела, што адбываецца, і памятала пра здарэнне. Цяпер у Юліі цалкам паралізаваная левая частка цела, рысы твару змяніліся, ёсць праблемы з маўленнем, і яна не можа нават сесці.

«Дактары казалі, што першыя дзесяць дзён самыя небяспечныя, бо інсульт можа паўтарыцца. Каб пазбегнуць паўтарэння, яе падключалі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Каб не было заражэння крыві ды яшчэ большай небяспекі, ёй вырвалі восем зубоў».

Юліі патрэбная пільная рэабілітацыя. Анатоль наняў адваката і будзе падаваць скаргу ў пракуратуру на дзеянні начальніка міліцыі Аляксандра Гука і неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Ні з кім з міліцыянтаў, якія выкручвалі рукі Анатолю і ягонай жонцы, мужчына не размаўляў.

  • На дадзены момант Следчы камітэт не распачаў ніводнай справы паводле скаргаў ахвяраў гвалту праваахоўнікаў.

ДР belsat.eu

Hавiны