Пасля году ў коме памёр збіты гей Міхаіл Пішчэўскі. Нападнік два месяцы, як на волі


«Міша, ужо сумуем. Любім як раней. І будзем памятаць. Заўсёды…», – напісаў у сваім Facebook’у былы кіраўнік праваабарончага праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка.

Больш за год мянчук праляжаў у коме ў 5-м сталічным шпіталі. Падчас некалькіх аперацый хлопцу выдалілі 20 % мозгу.

У шпіталь Міхаіл Пішчэўскі трапіў пасля нападу 25 траўня 2014 года каля менскай кавярні «Андэрволд». На выхадзе з гей-клубу яго зачапіў былы настаўнік фізкультуры Дзмітрый Лукашэвіч, які так моцна ўдарыў Міхаіла, што той упаў і ўдарыўся галавой аб бетон.

Паводле суду, Дзмітрый Лукашэвіч ударыў яго з хуліганскіх памкненняў, не разлічыўшы моцы ўдару. Версію сваякоў і праваабаронцаў, што гэта была гамафобная атака, суд не падтрымаў і прысудзіў яго да 2,8 гадоў турмы. 20 жніўня Лукашэвіча вызвалілі па амністыі.

«Забойца ў залі суда прызнае, што прычапіўся да Мішы з-за ягонай магчымай гомасэксуальнасці, а суд выносіць рашэнне, маўляў толькі “па неасцярожнасці”. Гэта ўказвае на тое, што матыў нянавісці не абцяжарвае віну, калі злачынсвта робіцца адносна геяў. Дзмітрый Лукашэвіч за забойства па матыву нянавісці выйшаў па амністыі менш, чым праз год, Статкевіч адседзеў у розных калоніях і турмах 7 год – вось такое яно беларусскае правасуддзе», – распавеў Сяргей Андросенка ў каментары «Белсату».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў