Пасля «Басовішча» музыкі пераходзілі на беларускую мову, а гурты – распадаліся


Сёння пачынаецца трыццаты і апошні фестываль маладой беларускай музыкі «Басовішча». Абсалютна ўнікальная з’ява – першы беларускі оўпэнэйр, які ніколі не праходзіў у Беларусі і ствараўся студэнтамі Польшчы.

«Яшчэ ў сакавіку 1987 года на з’ездзе беларускіх студэнтаў у Польшчы было вырашана афіцыйна зарэгістраваць Беларускае аб’яднанне студэнтаў (БАС). Там жа мы абмяркоўвалі і неабходнасць стварэння фестываляў для маладых, – узгадвае адзін з арганізатараў першых фестываляў «Басовішча» Багдан Сіманенка.

Фестываль «Басовішча» у 2006 годзе,
Фота: архіў Віталя Зыблюка

«Каб арганізаваць фестываль, трэба было напіцца з музыкамі»

Тады на Беласточчыне не было нічога беларускага, апроч самадзейных народных гурткоў. А моладзь ужо мела стужкі з запісамі Камоцкага, Сокала-Воюша, ведала, што такое «Бонда», «Мроя», «Мясцовы час». Усё гэта перапісвалася на касетах, пераходзіла з рук у рукі, але вельмі хацелася большага.

Фестываль «Басовішча» у 2006 годзе,
Фота: архіў Віталя Зыблюка

«Гэта цяпер з музыкамі спісваюцца sms-камі ці мэйламі, адзін аднаго не бачаць і дамаўляюцца, прыязджаюць, – працягвае спадар Багдан. – А раней, каб арганізаваць фестываль, трэба было сядаць у цягнік, ехаць у Менск, Наваполацк, туды, сюды… Сустрэцца з музыкамі, напіцца гарэлкі, каб дамовіцца і ўсё гэта аформіць».

Гэтак, першымі беларускімі рокерамі «Басовішча» сталі Ulis, а на наступны год дадалася «Мроя». Тады фестывалі рабіліся сумесна з Гарадоцкім культурным таварыствам, таму барды ды рокеры выступалі толькі ў пятніцу і суботу, а ў нядзелю «Басы» стракацілі народнымі строямі і фальклорам.

«Людзі прыязджалі туды цэлымі семʼямі, клалі нейкі плед, раскладалі піва-гарэлку-закуску і гэта быў такі пікнічок з музыкай, – узгадвае свой самы першы фестываль Лявон Вольскі. – Тады яшчэ можна было выязджаць без віз па нейкіх там ваўчарах. Таму там была ўся свядомая Горадня і людзі з іншых рэгіёнаў, якія імкнуліся да беларушчыны. Было вельмі халодна, але гэта не перашкаджала скакаць і спяваць – рабіць усё тое, што ўласціва для такой рок-акцыі».

За ўсю гісторыю «Басовішча» Лявон Вольскі выходзіў на сцэну мінімум з пяццю сваймі праектамі, два з якіх былі там прэзентаваныя.

«Здаецца ў 1995 годзе музыкі навастворанай фармацыі N.R.M. паехалі туды без мяне, – прыгадвае самы актыўны рэзідэнт фестывалю. – Я быў тады ў Францыі і не мог даехаць. Яны вырашылі паехаць без мяне, пакінулі назву «Мроя», але выконвалі ўжо новыя песні – кожны спяваў нейкую песню. Пасля мне тэлефанавалі арганізатары, казалі, што яны нас запросяць на наступны год, як N.R.M., толькі каб я абавязкова прыехаў».

Музыкі перакладалі песні на беларускую мову

Галоўнае правіла «Басовішча» – беларускамоўная праграма. Гэта доўгі час не дазваляла запрасіць на фестываль Neuro Dubel. Нават нягледзячы на тое, што вечарамі ў намётах арганізатары спявалі «Резиновый дом». Але ў дзвюхтысячныя прапусціць «Басовішча» было проста немажліва.

Фестываль «Басовішча» у 2006 годзе,
Фота: архіў Віталя Зыблюка

«Каб паехаць, Аляксандр Кулінковіч быў вымушаны перакласці некалькі песень на беларускую мову, – узгадвае шоўмен і музыка Аляксандр Памідораў. – Перакладаў ім Вітаўт Мартыненка. Натуральна, Саня забываўся на гэтыя перакладзеныя словы, але ён вельмі стараўся. Вяртаўся Кулінковіч з таго фэсту абсалютна акрылены і ў выніку ён пачаў пісаць па-беларуску. Сам. Нават паправіў Мартыненкаўскі пераклад Belarus Uber Alles і цяпер ужо нават не помніцца яе расейскамоўны варыянт».

Калі «Басовішча» ламала «генералаў», то што ж казаць пра музыкаў, вядомых у вузкіх колах… Перамога ў фестывальным конкурсе імгненна выносіла гурты ў мясцовы топ, яны траплялі ўва ўсе мажлівыя канцэрты ды салянкі, а самае галоўнае – станавіліся адным з гэдлайнераў наступных «Басоў». Таму жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе станавілася ўсё больш, а разам з тым і беларускамоўных гуртоў.

Фестываль «Басовішча» у 2006 годзе,
Фота: архіў Віталя Зыблюка

«Indigа былі цалкам расейскамоўным гуртом і, каб паехаць на «Басовішча», зрабілі беларускамоўную праграму. Тая ж гісторыя з Partyzone, – узгадвае журналіст і музыка Віталь Зыблюк. – Дзякуючы фестывалю, займеў добрую папулярнасць, Tav.mauzer, PostScriptum, той жа гурт «Глюкі», які ператварыўся ў Akute… Справа ў тым, што «Басовішча» ў тыя часы давала магчымасць запісаць альбом. У Беларусі гэта было вельмі складана зрабіць. Па-першае, вельмі дорага, па-другое, не было дзе. А тут ты запісваў альбом і ты ўжо быў зоркай, бо ў цябе ўжо быў прынамсі альбом!»

Басовішча ў 2005 годзе.
Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2005 годзе.
Фота: Марцiн Полэць

«Ляжыш у намёце і бачыш, як музыкі выходзяць на сцэну»

Віталь Зыблюк разам з Віталём Супрановічам зладзілі першы беларускі адборачны тур на конкурсную частку «Басовішча». Яны атрымлівалі па 60 заявак ад гуртоў, а канцэрт даводзілася расцягваць на два дні па 6-7 гадзінаў кожны.

Басовішча ў 2006 годзе.
Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2006 годзе.
Фота: Марцiн Полэць

«На той час мне было 16 гадоў, тады ў Беларусі не было такіх рок-фестываляў. Я быў дзіка ўражаны і якасцю гука, і колькасцю людзей, прысутных там, – Зыблюк не прапускаў ніводных «Басоў» з дзвюхтысячнага года. – Тады намётавае мястэчка было за сцэнай і гэта дадавала пэўнага каларыту. Ты ляжыш у намёце, назіраеш за ўсім, што адбываецца, слухаеш, бачыш музыкаў, якія рыхтуюцца выходзіць на сцэну».

Пілі і травілісь разам

Праклён, супадзенне, ці сама сутнасць беларускага шоў-бізу, але перамога на «Басовішчы» фактычна азначала хуткую смерць. Parason, Indiga, Partyzone, Tav.mauzer, PostScriptum, IQ48, «Сцяна»… Дагэтуль існуюць хіба толькі Znich і :B:N:, у складзе якіх не змяніліся толькі фронтмэны. Але тады жыццё за сцэнай віравала.

Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2007 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2008 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2008 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2008 годзе. Фота: Марцiн Полэць

«Тады мы ўсе былі ў адной кадцы. Усе жылі ў адной школе, хадзілі бухаць у адзіны Killer Pub, усе травіліся гэтым бігасам, якім усіх кармілі ў сталоўцы, – смяецца Памідораў. – Маладняк мог лёгка дакрануцца да берэту Варашкевіча, цокнуцца пляшачкай з Вольскім – за сцэнай былі ўкапаныя лавы і там тусілі ўсе. Грымёрак на фэсце не было. Нават, калі ідзе дождж, усе тырчэлі там – і канкурсанты і зоркі. І ўсе стасаваліся, перадавалі досвед адзін аднаму, падтрымлівалі адзін аднаго!»

Басовішча ў 2012 годзе.
Фота: Марцiн Полэць

Аляксандр Памідораў ездзіць на «Басовішчы» з 1997 года. Некалькі фестываляў жылі без яго – узаемныя крыўды ды непаразуменні з арганізатарамі і іншыя творчыя моманты. Але агулам Саша адвёў каля 10 фестываляў, прычым, здаралася, абсалютна спантанна:

«Аднойчы была гісторыя, калі я проста прыехаў з пацанамі адцягнуцца (гэта быў ці 2007, ці 2008 год). І вось у тры гадзіны ночы, калі мы сядзім з «Дзюбелямі» ў пані Міры і спрабуем выпіць літровую бутэльку самагону, прыязджаюць арганізатары і просяць мяне правесці другі дзень фестывалю».

Басовішча ў 2012 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2012 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2012 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2012 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2012 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2012 годзе. Фота: Марцiн Полэць
Басовішча ў 2012 годзе. Фота: Марцiн Полэць

«Басовішча» будзе жыць?

Пэўны час «Басовішча» было не толькі музычнай з’явай. Больш актыўныя вазілі гарэлку ды прадавалі яе мясцовым палякам па 15 злотых – на той час гэта быў вельмі добры навар. Але заробленыя грошы ўсё роўна заставаліся ў Польшчы. Кожны аўтобус, які прывозіў беларусаў на фестываль, быў абавязаны звазіць іх на закупы ў Беласток. Так у нашых музыкаў зʼяўляліся фірмовыя інструменты, струны, барабанныя палачкі, а ў іх дзяцей – рэдкія, але такія жаданыя пампэрсы.

Праз пару дзён эпоха «Басовішча» можа скончыцца! Складана не ўхваліць такое рашэнне арганізатараў, ва ўмовах татальнага падзення цікавасці да фэсту. Але настальгія не дае адпусціць, злуе і пакідае надзею!

«Гэта проста нейкі PR-ход наконт апошняга «Басовішча», – выказвае спадзевы Лявон Вольскі. – Ці можа некалькі год прапусцяць і пачнуць зноў? Не ведаю. Лепей няхай фестываль будзе, чым яго не будзе. Шкада будзе, калі і сапраўды гэта апошні фестываль. Але калі гэта ўсё ж адбудзецца, то гэта сумны паказальнік таго, што ўсё беларускае з цягам часу згортваецца. Нават «Басовішча», якое здавалася б вечнае!»

Сёлета, як і ў мінулыя гады, «Белсат» выступае медыяпартнёрам «Басовішча».

Ілля Маліноўскі Belsat.eu

Стужка навінаў