Пашыньян хоча даведацца ад Лукашэнкі пра лёс АДКБ


У Пецярбургу на саміце ЕАЭС кіраўнік Арменіі хоча абмеркаваць сутнасць вайскова-палітычнага саюзу з Беларуссю. Пра гэта Нікол Пашыньян заявіў падчас агітацыйнай кампаніі ў Ерэванскім метро.

У сераду, 5 снежня, у межах падрыхтоўкі да пазачарговых выбараў у Нацыянальны сход Арменіі в.а. прэм’ер-міністра раздаваў агітацыйныя буклеты пасажырам у цягніках і на станцыях метрапалітэну, фатаграфаваўся з ахвотнымі ды адказваў на пытанні журналістаў. Нікол Пашыньян заявіў, што не будзе адкладваць пытанне пасады генеральнага сакратара АДКБ – Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі, а ўздыме яго падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам на паседжанні Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Але праблема ў дачыненнях з Беларуссю шырэйшая.

«Я шмат разоў казаў, што пытанне генсека АДКБ – не найважнейшае. Найбольш важныя пытанні абмяркоўваюцца ў гэтым кантэксце. Найважнейшыя з іх – эфектыўнасць арганізацыі, узаемныя абавязкі яе ўдзельнікаў перад АДКБ і наадварот», – цытуе словы Пашыньяна партал Blognews.am.

Стасункі між Лукашэнкам і Пашыньянам напружыліся, калі кіраўнік Беларусі праз азербайджанскага амбасадара перадаў Ільхаму Аліеву змест перамоваў кіраўнікоў краінаў АДКБ, якія адбываліся за зачыненымі дзвярыма. Тады ішло абмеркаванне кандыдатаў на пасаду новага генеральнага сакратара арганізацыі замест армянскага чыноўніка Юрыя Хачатурава.

12 лістапада 2018 года. Сустрэча амбасадара Азербайджану Латыфа Гандылава з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем. Фота – president.gov.by

Азербайджан не ўваходзіць у АДКБ і знаходзіцца ў стане вайны з Арменіяй. У сувязі з гэтым в.а. кіраўніка Арменіі і афіцыйны Менск абмяняліся вострымі словамі, а прэзідэнт Азербайджану назваў сітуацыю «прыступамі псіхозу ў Ерэване», выкліканых ягонай шчыльнай ваенна-тэхнічнай супрацай з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас візіту Ільхама Аліева ў Менск адбылася падрыхтоўка новага кантракту аб пастаўках беларускай вайсковай тэхнікі ў Азербайджан. Адно з самых балючых для армянаў пытанняў – беларускія ракетныя комплексы «Паланез», здольныя ўдарыць з Азербайджану па ўсёй тэрыторыі Арменіі. Яны ўжо стаяць на ўзбраенні азербайджанскіх войскаў.


11 чэрвеня 2018 г. Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў аглядае беларускія ракетныя комплексы «Паланез» у Н-скай вайсковай частцы. Фота – president.az

У выніку перамоваў абавязкі генсека АДКБ пакуль выконвае расеец Валерый Сямерыкаў, а пытанне новага кіраўніка арганізацыі спачатку перанеслі на 6 снежня, а потым на нявызначаны тэрмін. Кіраўніцтва Арменіі лічыць, што пасада генсека мусіць застацца за імі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары