Пашыньян пра Беларусь: Такіх стасункаў, да якіх яны прывыклі, з Арменіяй больш не будзе


Выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Арменіі Нікол Пашыньян, каментуючы стасункі Ерэвана з афіцыйным Менскам, заявіў пра гатоўнасць абараніць нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны.

Падчас наведвання горада Гавара кіраўнік абшчыны Вардэніка Камо Бадалян абурыўся, што Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сітуацыю ў АДКБ з Азербайджанам, які не ўваходзіць у гэтую арганізацыю.

Як паведамляе армянская служба Радыё Свабода, Пашыньян на гэта адзначыў:

«Нашыя міжнародныя партнёры мусяць зафіксаваць, што такіх стасункаў, да якіх яны прывыклі дагэтуль, з Арменіяй больш не будзе».

«Ствараецца ўражанне, што вельмі многія па інерцыі хочуць, спрабуюць ставіцца да нас як да маленькай краіны, маленькаму народу. Я шчыра кажу, што такое не пройдзе, таму што, магчыма, мы малалікі народ, але мы не маленькі народ, мы вялікі народ, таму што мы народ, які мае шматтысячную гісторыю, мы народ культуры, мы народ генералаў. Паўтару, што ў красавіку-траўні мы зрабілі тое, што не мае прэцэдэнту ў чалавечай гісторыі. Але будзьце ўпэўненыя, што ў гэтых стасунках наш народ і наш урад у стане абараніць інтарэсы нашай краіны, і з гэтым усё павінны лічыцца, і я абяцаю вам, што будуць лічыцца», – заявіў выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра.

  • 16 лістапада Нікол Пашыньян заявіў, што будзе патрабаваць тлумачэнняў ад Лукашэнкі, які абмяркоўваў сітуацыю ў АДКБ з амбасадарам Азербайджану. «Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б напрыклад я запрасіў якога-небудзь замежнага амбасадара краіны, якая не з’яўляецца членам АДКБ, і распавёў яму пра паседжанне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй, – адзначыў палітык. – Я здзіўлены тым, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы на працягу 30 гадоў, мог дазволіць сабе падобны крок. І я, вядома, павінен запатрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі і не толькі ад прэзідэнта Беларусі».
  • МЗС Беларусі рэзка адрэагавала на заяву Пашыньяна. Прэсавы сакратар міністэрства Анатоль Глаз заявіў, што армянскі лідар уявіў сябе, відаць, міжнародным пракурорам, упаўнаважаным караць або мілаваць. «Напэўна, спадар Пашыньян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі не прымальныя ў вялікай палітыцы. Шкада. Спадзяемся, што з часам гэта пройдзе», – падсумаваў Анатоль Глаз.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў