Пасажырскі самалёт разбіўся на поўначы Пакістану – ніхто не выжыў


Пасажырскі самалёт авіякампаніі «Pakistan International Airlines», які выконваў унутраны рэйс з гораду Чытрал (Chitral) на поўначы краіны ў Ісламабад (Islamabad), пацярпеў крушэнне каля гораду Гавэліян (Havelian), паведамляюць мясцовыя медыі.

Пра падзенне лайнера таксама паведамляе агенцтва «Reuters» са спасылкай на прадстаўніка мясцовай паліцыі.

У паліцыі са спасылкай на відавочцаў – мясцовых жыхароў – распавялі, што самалёт «ATR 42» падчас падзення быў ахоплены полымем.

У паліцыі сказалі таксама, што ў катастрофе ніхто не выжыў.

Раней паведамлялася, што самалёт знік з радараў адразу пасля ўзлёту. Тэлеканал «Geo TV» са спасылкай на прадстаўніка пакістанскага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі перадаў, што пілот самалёта падаваў сігнал бедства незадоўга да таго, як лайнер знік з радараў.

«Мы з жалем паведамляем пра тое, што самалёт «ATR 42», на борце якога знаходзілася каля 40 чалавек, не выйшаў на сувязь з дыспетчарам на шляху з Чытралю ў Ісламабад. Цяпер мы задзейнічалі ўсе рэсурсы, каб выявіць самалёт. Мы будзем інфармаваць медыі па меры развіцця сітуацыі», – гаварылася ў паведамленні авіякампаніі.

Паводле звестак «France Presse» на борце самалёта знаходзілася 37 пасажыраў, а таксама чальцы экіпажу. Як паведамляюць мясцовыя медыі, на борце было 47 пасажыраў.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў