Партыя Саакашвілі рыхтуе імпічмент Парашэнку


Партыя «Рух новых сілаў», лідарам якой з’яўляецца Міхэіл Саакашвілі, ініцыявала пачатак працэдуры імпічменту прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Як паведамляе агенцтва УНІАН са спасылкай на аднаго з чальцоў партыі, працэдура прадугледжвае збор подпісаў 226 народных дэпутатаў. Гэтыя подпісы «Руху новых сіл» трэба сабраць да 15 траўня.

Прыхільнікі імпічменту заклікаюць расследаваць, у прыватнасці, незадэклараваную маёмасць Парашэнкі ў яго афшорных кампаніях; закупку ваеннай тэхнікі ў кампаніях, канчатковым бенефіцыярам якіх зʼяўляецца прэзідэнт; атрыманне прыбытку на тэрыторыі Расеі за гады канфлікту на ўсходзе Украіны.

Партыя збіраецца праводзіць мітынгі ў рэгіёнах, агітаваць за імпічмент нардэпаў з іншых партый. Раней партыя Саакашвілі выступала з патрабаваннямі адстаўкі Парашэнкі.

***

У ліпені 2017 года Парашэнка пазбавіў Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства, бо ў 2015 годзе Саакашвілі нібыта ўказаў недакладную інфармацыю ў заяве на атрыманне грамадзянства і не паведаміў аб судзімасці. У дачыненні да лідара «Руху новых сілаў» украінскія праваахоўнікі вядуць расследаванне па падазрэнні ў фінансавым падтрыманні ад алігарха Сяргея Курчэнкі, які бег з Украіны.

Саакашвілі уцёк у Еўразвяз і папрасіў дапамогі ў Мэркель. Таксама ён паабяцаў вярнуцца ва Украіну.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў