Партыя БНФ звярнулася па дапамогу да ўдзельнікаў Плошчы-2010


Падчас падзеяў у снежні 2010 года сядзіба БНФ дапамагла сотням пацярпелых і арыштаваных падчас пратэстаў. Але сёння яна сама мае патрэбу ў дапамозе, каб аплаціць запазычанасць па арэндзе.

Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў звярнуўся з такой просьбай да ўсіх, каму ў свой час дапамагла ягоная партыя.

«Восем гадоў таму тысячы беларусаў выйшлі на Плошчу з патрабаваннем свабодных выбараў, супраць дыктатуры і за чалавечую годнасць. Рэжым кінуў супраць мірных дэманстрантаў спецпадраздзяленні міліцыі і ўнутраных войскаў, тысячы людзей былі збітыя, сотні затрыманыя, кінутыя за краты на Акрэсціна і ў вязніцу КДБ. Пасля 19 снежня сядзіба БНФ на вуліцы Варвашэні стала асноўным цэнтрам збору дапамогі: тут грамадскія актывісты збіралі звесткі пра зняволеных, арганізоўвалі дастаўку перадачаў вязням, дапамагалі ім і іх сем’ям інфармацыяй і падтрымкай», – заявіў Кастусёў.

Пасля гэтага менскія ўлады скасавалі дамову аб арэндзе сядзібы на Варвашэні і Партыя БНФ была вымушаная пераехаць у іншае памяшканне на вуліцы Чарнышэўскага. Цяпер запазычанасць па аплаце яе арэнды складае 28 тысяч 950 рублёў. Яе неабходна пагасіць да канца бягучага года, каб працягваць там працаваць.

«Кошт арэнды памяшкання, дзе месцяцца шэсць фронтаўскіх суполак, перавышае 2200 рублёў за месяц. Штогод дзясяткі арганізацыяўладзяць у нас прэс-канфэрэнцыі, выставы, з’езды, культурніцкія, моладзевыя, дабрачынныя імпрэзы. У час узмацнення рэпрэсіяў сядзіба робіцца адзіным вольным месцам», – кажа кіраўнік партыі.

Як паведаміў belsat.eu Кастусёў, на сённяшні дзень сабралі ўжо больш за палову, «тысячаў 14-15 ёсць». Паводле яго, людзі ахвяравалі як праз банкаўскія рахункі, так і асабіста, прыносячы грошы ў сядзібу.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў