Партыя БНФ падтрымае на прэзідэнцкіх выбарах Таццяну Караткевіч


Партыя БНФ пастанавіла падтрымаць у якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Таццяну Караткевіч, паведамляецца на афіцыйным сайце партыі.

«Сёння 3 красавіка адбылося пашыранае пасяджэнне палітычнай камісіі Партыі БНФ з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных арганізацыяў партыі, на якім было разгледжанае пытанне пра ўдзел Партыі БНФ у кампаніі выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У партыі адзначылі, што падтрымаюць кандыдаткаю ад ініцыятывы «Народны рэферэндум» на прэзідэнцкіх выбарах спадарыню Таццяну Караткевіч.

Увосень 2014 года пяць апазіцыйных партый і арганізацыяў дамовіліся аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, нагадвае interfax.by.

Таццяна Караткевіч была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева на выбарах 2010 года, удзельнічала ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па Кальварыйскай выбарчай акрузе Менску (2012 год). З’яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Пяць апошніх гадоў актыўна працуе ў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Дакладная дата прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі будзе вызначана ў пачатку жніўня 2015 года.

Раней кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына адзначала, што лічыць 15 лістапада найбольш верагоднай датай правядзення выбараў. Паводле яе слоў, «гэта апошняя магчымая нядзеля для правядзення выбараў, паколькі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі яны павінны адбыцца не пазней за два месяцы да заканчэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы».

Тэрмін паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі мінае 21 студзеня 2016 года.

МЯ, belsat.eu, паводле narodny.org, interfax.by

Стужка навінаў