Партыя БНФ больш не ўдзельнічае ў Курапацкай варце


Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што Курапацкая варта «дасягнула пастаўленых мэтаў», таму партыя БНФ спыняе ў ёй свой удзел.

«… каб не дапускаць правакацыяў ды спекуляцыяў экзальтаваных прыхільнікаў расейскага імпэрскага рэваншызму, што часам едуць да рэстарацыі выключна дзеля атрымання таннага піяру праз свае канфлікты з нацыянальна-дэмакратычнымі актывістамі, Партыя БНФ ад гэтага дня спыняе блакаванне брамы «Поедем-поедім»», – напісаў у сваім Facebook Рыгор Кастусёў.

На думку Кастусёва, Курапацкая варта «прымусіла выявіць сваё сапраўднае аблічча і гэтым цалкам дыскрэдытаваць сябе ўласнікаў рэстарацыі, яе наведнікаў ды самую ганебную ўстанову на мяжы Курапатаў». Таксама ён лічыць, што варта дапамагла зразумець людзям, што «у сваёй дамінуючай большасці агрэсіўныя няўдачнікі, схільныя да брыдкаслоўя ды хуліганцкіх дзеянняў, прыхільнікі сатаніскіх ды іншых дэструктыўных культаў, асобы з гранічна нізкай сацыяльнай адказнасцю».

«Сваю далейшую дзейнасць па абароне Курапатаў мы скіруем на змаганне за належную мэмарыялізацыю Курапатаў ды супраць памкненняў уладаў «пад шумок» знішчыць Народны мэмарыял ды стварыць безгустоўную падробку ў найгоршых савецка-камуністычных традыцыях», – піша Кастусёў.

Адна з актыўных абаронцаў Курапатаў Вольга Мікалайчык, лічыць такія заявы лідара БНФ здрадніцкімі.

«У спадара Кастусёва з’явілася вельмі дрэнная звычка, не параіўшыся з тымі, хто сапраўды тут днюе і начуе, рабіць гучныя заявы правакатарскага да здрадніцкага сэнсу. На мой погляд, гэта брыдка, гэта бясчэсна, гэта бесчалавечна, калі сядзяць хлопцы за кратамі, якія вартуюць Курапаты… Можа трэба пытацца ў людзей? Ці ў нас Кастусёў узяў такую манеру Лукашэнкі не раіцца не з кім?», – абураецца Вольга Мікалайчык.

Яна зазначыла, што астатнія ўдзельнікі Курапацкай варты, будуць працягваць пікетаваць рэстарацыю. Для іх мэта будзе дасягнутая, калі «Поедем. Поедим» зачыняць.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў