Партал пра авіяцыю раіць бацькам не браць дзяцей у самалёт, бо моцна перашкаджаюць


Партал грамадзянскай авіяцыі ў сваім Twitter выступіў з парадай да бацькоў, каб тыя не бралі з сабою ў самалёт малых дзяцей, пакуль яны не гатовыя да пералётаў. Аўтары паста лічаць, што дзеці сваім плачам моцна перашкаджаюць іншым пасажырам, а вось сам пералёт і адпачынак усё адно, не запомняць.

Пад гэтым допісам у Twitter разгарэліся сапраўдныя жарсці. У прыватнасці, каментатары не хаваюць свайго абурэння пазіцыяй парталу.

«Бярушы, навушнікі з шумапрыглушэннем у дапамогу. Асабіста мне дзеці наагул не перашкаджаюць у самалёце», – параіў карыстальнік «Denis A. @solar_vibez».

«І ў кватэрах не жывіце з дзецьмі, уяўляеце, як яны перашкодзяць суседзям, калі ў іх ноччу нешта забаліць, і яны заплачуць, цярпіце ў полі, падумайце пра людзей», – адказаў карыстальнік «Kirill Setrukov @setrukov».

«Тое ж самае пра інвалідаў, усялякіх хворых і тоўстых, сядзіце дома і нікуды не выходзіце, раз у вас жыццё цяжкае! Няма чаго лезці ў кампанію нармальных людзей і псаваць ім настрой, сядзіце дома, усё адно вам нядоўга засталося!», – напісаў карыстальнік «танцующие руины @daphnis_nerii».

У сваю чаргу msqby бароніць сваю пазіцыю. У Twitter пазней аўтары допісу апублікавалі апытанне, ці прымальна для вас 4,5 гадзіны пералёту, калі побач плача/крычыць у істэрыцы дзіця.

Партал msq.by на сваім сайце, а таксама і ў Twitter падкрэслівае, што не мае ніякага дачынення да Нацыянальнага аэрапорту, а з’яўляецца прыватным рэсурсам пра грамадзянскую авіяцыю ў Беларусі. Апошняе абнаўленне сайту мела месца ажно ў траўні. Але ў Twitter кампанія досыць актыўная.

Адметна, што абрэвіятура MSQ падобная да абрэвіятуры Менскага аэрапорту, а лагатып нагадвае па колерах і форме лагатып кампаніі «Белавія».

У справе ж дыскусіі вакол допісу msq, «Белсат» звярнуўся за каментаром у рэдакцыю парталу, авіакампанію «Белавія», а таксама ў Нацыянальны аэрапорт. Як толькі нам адкажуць на пытанні, мы іх апублікуем.

І першым агукнуліся адміністратары рэсурсу msq.by

«Мы не заклікаем наагул не браць дзяцей на борт самалёта, як многія спрабуюць цяпер гэта прадставіць. І гэта адзначана ў посце. Многае залежыць ад бацькоў, на якія пакуты яны гатовыя адправіць маленькае дзіця (палёт не заўсёды і дарослыя добра пераносяць), як яны на яго звяртаюць увагу і займаюць падчас палёту. Дзіцяці цяжка пераносіць пералёт і, на жаль, бацькі не заўсёды думаюць пра гэта. Натуральна дыскамфорт гэта надае пасажырам, уласна 30 секунд 4,5 гадзіннага палёту можна паслухаць на відэа», – сказаў «Белсату» адміністратар парталу грамадзянскай авіяцыі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў