Паротнікаў: МУС – непразрыстая структура, служыць у якой не шмат ахвотных


Структуры Міністэрства ўнутраных справаў апошнія 26 гадоў граюць вызначальную ролю ў пераследзе палітычных актывістаў і звычайных грамадзянаў. Гэта спрычыняе нараджэнне міфаў у свядомасці беларусаў.

Што гэта за міфы, і чаму яны зʼяўляюцца?

Даволі рэгулярна ў інтэрнэце і СМІ сустракаюцца заявы пра «самую высокую колькасць міліцыі» на чалавека. Аднак ніякіх 100–150 тысяч міліцыянтаў, пра якіх згадваюць публіцысты, у Беларусі няма – адзначае найбольш аўтарытэтны ў Беларусі адкрыты рэсурс аб праблемах нацыянальнай бяспекі Belarus Security Blog.

АМАП і аўтазакі на праспекце.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

«У нас афіцыйна заяўлена, што ў Беларусі прыходзіцца 405 супрацоўнікаў органаў унутраных справаў (ОУС) на 100 тысячаў насельніцтва. (у гэтыя дадзеныя не ўваходзяць байцы ўнутраных войскаў МУС – прым. belsat.eu) Іншых лічбаў у нас няма, але па ўскосных дадзеных гэтая лічба знаходзіць пацверджанне. Рэальная колькасць людзей у пагонах у нас прыкладна адпавядае такім краінам, як Вугоршчына», – кажа стваральнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Такім чынам, згодна з падлікамі BSBlog, супрацоўнікаў ОУС каля 39 тысяч, службоўцаў унутраных войскаў – да 14 тысяч, цывільны персанал МУС – каля 16 тысяч. Разам – каля 69 тысяч чалавек.

АМАП не пускае людзей на плошчу Незалежнасці.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Існуе таксама погляд, што праца ў міліцыі, асабліва ў АМАПе, моцна прыцягвае людзей з вёскі, ствараючы дадаткова барʼер паміж імі і гараджанамі. Але эксперт лічыць, што абʼектыўных звестак для такога меркавання недастаткова.

«Для гэтага трэба бачыць дынаміку, дадзеныя ўнутранай кухні. Безумоўна, што туды ідуць часта людзі з ніжэйшых сацыяльных слаёў. З даходамі, ніжэйшымі за сярэдні», – кажа Андрэй Паротнікаў.

Пры гэтым ён адзначае: нельга сказаць, што МУС паспяхова выконвае планы набору патрэбнай колькасці службоўцаў.

«МУС заяўляла, што праблемы з укамплектаваннем няма. Што там тры і пяць чалавек на месца, але я ў гэта не веру. Я не бачу прыкметаў таго, што да іх стаяць чэргі. Нават у лепшыя гады», – адзначыў эксперт.

Фота: ТК / Belsat.eu

Нават на афіцэрскія пасады ва ўнутраных войсках конкурс невысокі. Гэтак, на факультэт унутраных войскаў у Вайсковай акадэміі ў 2019 годзе на месца прэтэндавалі 1,18 чалавека, прахадны бал – 184. Гэта ніжэй, чым сярэдні конкурс на агульнавайсковы факультэт, які рыхтуе звычайных армейскіх афіцэраў.

«Безумоўна, гэта кажа, што нават на афіцэрскія пасады чаргі няма. Прыкмета таго, што не ўсе так добра», – пракаментаваў Паротнікаў.

Спісы вакансіяў у інтэрнэце сведчаць пра тое, што заробкі ў міліцыянтаў-пачаткоўцаў у Менску могуць быць значна ніжэйшыя за «святую лічбу» 500 долараў. Відавочна, мала хто лічыць, што 900 ці 1000 рублёў нават з улікам ільготаў каштуюць здароўя, нерваў ды ненармаванага працоўнага дня на малапрэстыжнай працы.

Міфы пра беларускую міліцыю дэманструюць сваю трываласць ужо шмат гадоў

«Гэтыя міфы існуюць таму, што згодна з законам пра дзяржаўную таямніцу колькасць супрацоўнікаў сілавых структураў адносіцца да дзяржаўнай таямніцы і не падлягае разгалошванню. Галоўная прычына – адсутнасць празрыстасці», – адзначае Андрэй Паротнікаў.

Hавiны
Міліцыянт, які браў удзел у разгоне Плошчы: «Перакананы, што Лукашэнка пераможа»
2020.07.30 12:40

З гэтай жа прычыны грамадства не можа ацаніць адэкватна стан і шлях развіцця Міністэрства ўнутраных справаў.

«Ідуць увесь час заявы пра нейкае рэфармаванне – а ў які бок яно ідзе, сказаць нельга. Нічога не паведамляюць, а стварэнне ці скарачэнне нейкага падраздзялення можа ані пра што рэальна не сведчыць. Апошнія 10 год я не бачу прыкметаў росту колькаснага складу МУС», – падсумоўвае эксперт.

АМАП затрымлівае ўдзельнікаў акцыі падтрымання Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі.
Фота: Сяргей Ляпін
  • Па дадзеных даследавання ААН International Statistics on Crime and Justice, у Беларусі колькасць міліцыі складала 325,5 на 100.000 насельніцтва, у Эстоніі – 240,8, Латвіі – 604,8, Літве – 333,5, Польшчы – 259,6, у Украіне – 358,2. Лічбы па Расеі адсутнічалі.

belsat.eu

Стужка навінаў