Паротнікаў: Лукашэнка неадэкватна разумее інфабяспеку Беларусі


Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі – дакумент жыццёва неабходны, упэўненыя незалежныя эксперты. Але ці мае афіцыйны Менск патрэбныя інструменты, каб абараніць беларускую інфармацыйную прастору? Размова Змітра Міцкевіча з кіраўніком аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэем Паротнікавым.

Чаму гэтае пытанне канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі ўсплыло менавіта цяпер? Мусолілі яго, наколькі я памятаю, даволі доўгі час.

Сапраўды, гэтая сітуацыя абмяркоўвалася некалькі гадоў. Лукашэнка неаднойчы выказваў незадаволенасць эфектыўнасцю працы ў гэтым кірунку. Чаму цяпер?

Бо набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, набліжаюцца выбары ў Палату прадстаўнікоў – усё гэта адбываецца на фоне, шчыра, вельмі кепскіх палітычных адносінаў з Расеяй і поўнага дамінавання расейскага інфармацыйнага прадукту на беларускім медыярынку.

У сувязі з гэтым цікава, наколькі сам Лукашэнка разумее стан справаў у інфармацыйнай бяспецы краіны? Наколькі адэкватна ён бачыць сітуацыю?

Ён гэтага стану не разумее, прынамсі ён яго не разумее адэкватна. Ён яго разумее вельмі своеасабліва. Трэба памятаць, што ён чалавек савецкі, і ён лічыць, што беларускія дзяржаўныя медыі працуюць у слушным кірунку, яны прасоўваюць самую мудрую, самую слушную дзяржаўную палітыку, яны абараняюць краіну ад негатыўных вонкавых уплываў. А тыя пралікі, якія адбываюцца, ці недахопы, якія мы бачым, звязаныя толькі з тым, што недастаткова дысцыпліны, ёсць арганізацыйныя хібы, і трэба дзякуючы гэтай канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі гэтая хібы паправіць, а, адпаведна, працу дзяржаўных медыяў – больш актывізаваць.

ВІДЭА
Як Расея штурхае Лукашэнку ў НАТО
2019.03.16 08:45

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, абароны інфармацыйнай прасторы – словы прыгожыя. Гэта рэчы важныя і патрэбныя, аднак якія рэальныя інструменты ёсць ва ўладаў Беларусі, каб уплываць на інфармацыйную палітыку апроч знакамітага фактару рубільніка?

Самы галоўны і самы надзейны – гэта, безумоўна, рубільнік. Іншая справа, што таксама ёсць вельмі жорсткае заканадаўства адносна дзейнасці медыяў, асабліва незалежных, вельмі жорсткая правапрымяняльная практыка, то бок рэпрэсіўныя інструменты. І больш, па сутнасці, нічога, бо кадравы патэнцыял слабы, і тыя людзі, тыя маладыя журналісты, якія прыходзяць у медыі, яны значна больш слабыя за старую гвардыю савецкіх прапагандыстаў і тых, хто працаваў у 1990-ыя.

Давайце параўнаем, напрыклад, Зімоўскага [кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ў 2005–2010 гадах. – Заўвага belsat.eu] і тыя панурыя пысы, якія дамінуюць на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Безумоўна, параўнанне не на іхную карысць: Зімоўскі быў значна цікавейшы і больш прафесійны. Першае, што зрабіў новы галоўны рэдактар «Советской Белоруссии», калі заняў пасаду пасля Паўла Якубовіча, – адключыў каментары на сайце выдання. Гэта пытанне якасці, пытанне тых кадраў, якія павінныя прасоўваць дзяржаўную інфармацыйную палітыку.

ВІДЭА
Бабіч – не дыпламат. Што Лукашэнка саступіць у апошнюю чаргу?
2019.03.18 14:34

І вось яшчэ адна фармулёўка вельмі цікавая з гэтай самай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі – «інфармацыйны нейтралітэт». Гэта ўвогуле як можна ўспрымаць? Бо гучыць як нейкі люты маразм. Гэта жаданне захаваць цяперашні статус-кво ў інфармацыйнай прасторы, калі Беларусь фактычна застаецца пад расейскім уплывам, але пры гэтым заяўляць, што ў нас адбываюцца нейкія змены? Ці як гэта разумець?

Гэта можа разглядаць, мне падаецца, у двух ракурсах. Ракурс першы – гэта тое, што дзяржаўныя медыі не будуць дазваляць сабе рабіць нейкіх ацэнак таго, што адбываецца навокал па-за межамі Беларусі. То бок яны будуць толькі інфармаваць пра вонкавапалітычную сітуацыю, але будуць імкнуцца пазбягаць нейкай ацэнкі гэтай сітуацыі. То бок не станавіцца ні на расейскі бок, ні на заходні бок. А другі ракурс – гэта тое, што беларускія медыярэсурсы, у тым ліку грамадска-палітычныя, не будуць выкарыстоўвацца ў якасці пляцоўкі для прапаганды адной краіны супраць другой краіны. Што я маю на ўвазе? Вельмі часта можна пачуць, што беларуская медыяпрастора выкарыстоўваецца расейскім бокам для антыўкраінскай прапаганды, якая накіраваная як унутр Беларусі, гэтак і на самую Украіну. То бок будзе пастаўленае адпаведнае заданне (але не факт, што выкананае), каб у будучыні гэтага не адбывалася, каб беларускія медыярэсурсы не бралі ўдзелу ў чужых інфармацыйных войнах.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 15.03.2019

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

 

Стужка навінаў