Парламент, як палата маўчання

Назва парламент паходзіць ад французскага слова «parle» – гаварыць. Парламент – гэта месца выказвання меркаванняў, дыскусій абраных прадстаўнікоў грамадства. У дачыненні ж беларускага «заканадаўчага» інстытута хутчэй можна ўжыць слова «сайлансмент» ад ангельскага silence – цішыня.

Беларускі «сайлансмент» – гэта месца цішыні, гэты сход людзей без думкі, якіх да таго ж ніхто не выбіраў. Гэта маўклівы сход у масе сваёй невядомых людзей, якія практычна аднагалосна прымаюць (зацвярджаюць) законы, ад якіх потым пакутуе ўсё насельніцтва краіны, таму Нацыянальны сход яшчэ і месца смутку.

Hавiны
Хто пераможа на выбарах? Гайд па кандыдатах ад улады
2019.09.10 13:32

Толькі спраўджаныя і адданыя людзі

Але ў гэтым і заключаецца асноўная роля Нацыянальнага сходу – быць па-за публічнай палітыкай, быць па-за ўвагай. Гэтым падкрэсліваецца той факт, што ў Беларусі ёсць адзіны цэнтр і крыніца ўлады – Лукашэнка. Ніхто і нішто не павінна быць альтэрнатывай для дзейнага кіраўніка дзяржавы, валодаць драбніцай палітычнай волі, здольнай уплываць на лёс краіны.

Аб’ектыў
Актывісты ідуць у палітыку – паслухайце, навошта ім гэта трэба
2019.09.04 22:16

З гэтага вынікае, што ў Нацыянальным сходзе павінны быць толькі правераныя і адданыя сістэме і кіраўніку краіны людзі ўперамешку з тэхнічным персаналам (дырэктарска-старшынскім штатам). Гэтая група складае так званае прывілеяванае саслоўе. Таму з’яўленне ў спісах кандыдатаў такіх адыёзных фігур як Генадзь Давыдзька (былы дырэктар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі) або Ліліі Ананіч (былая міністр інфармацыі Беларусі) цалкам заканамерна. Тым больш, што Генадзь Давыдзька з’яўляецца членам Савета Рэспублікі і ўзначальвае квазі-партыйную арганізацыю «Белая Русь».

Князі-цары-імператары

Трэба разумець, што дзяржаўныя пасады ў аўтарытарных дзяржавах з’яўляюцца свайго роду вышэйшай формай жалавання з боку кіраўніка, скажам, за службу. Як прыклад, начальнік генеральнага штаба Рэспублікі Беларусь Алег Белаконеў ў хуткім часе стане дэпутатам Нацыянальнага Сходу, верагодна, у якасці ганаровай пенсіі.

Hавiны
Выбары ў Палату прадстаўнікоў: доля апазіцыі ў акруговых камісіях склала 2,5 %
2019.09.04 15:14

Разам з тым, у палітычнай сістэме Беларусі ўсё часцей пачынаюць праяўляцца прыкметы непрыкрытага фаварытызму. Гэта выяўляецца ў тым, што дзяржаўныя пасады раздаюцца не па «заслугах», а за прыгожыя вочы. Стагоддзі таму князі-цары-імператары маглі ў адкрытую узнагароджваць сваіх фаварытаў (палюбоўнікаў і палюбоўніц): тытуламі, замкамі, гарадамі і абшарамі з прыгоннымі.

Працэс унутранай дэградацыі сістэмы

Цяпер у Беларусі адбываецца практычна тое ж самае. Асобы, якія спадабаліся Лукашэнка, атрымліваюць тытулы і палітычныя пасады – сінэкуры. У 2014 годзе Наталля Эйсмант (былая журналістка БТ) была прызначаная прэс-сакратаром кіраўніка Беларусі, а ў апошні год стала адной з важных медыйных фігур у рэспубліцы (у 2018 годзе яе муж стаў дырэктарам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі). Далей, у 2016 годзе спявачка Ірына Дарафеева стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а сёлета дэпутацкае месца будзе падаравана яшчэ адной фаварытцы А. Лукашэнкі – 22-гадовай Марыі Васілевіч (Міс Беларусь – 2018). Фаварытызм ў беларускай дзяржаве становіцца штодзённасцю і пачынае нагадваць адносіны, якія існавалі ў эпоху феадалізму і абсалютызму.

Hавiны
Фаварытка Лукашэнкі Марыя Васілевіч ідзе ў дэпутаты
2019.09.09 10:46

Аднак фаварытызм таксама сведчыць і аб працэсе ўнутранай дэградацыі сістэмы, аб старэнні кіраўніка, які перастае клапаціцца аб тым, што пра яго думае насельніцтва. Для яго становіцца важным нават не пытанне стабільнасці або бяспекі, а ўласны камфорт, спакой і задавальненне. Намаганні кіраўніка накіроўваюцца не на кіраванне краінай, а на забеспячэнне патрэбаў свайго самага блізкага атачэння.

Была палата маўчання – стане ложа фаварытаў

Калі ў першыя дзесяцігоддзі свайго кіравання Лукашэнка саджаў на дзяржаўныя пасады людзей, якія прыйшлі з ім ва ўладу, умацоўвалі яго пазіцыі, то цяпер ён пачынае адорваць тытуламі і пасадамі людзей, якія забяспечваюць яму камфорт.

Hавiны
За фаварытку Лукашэнкі настаўніца збірае подпісы ў бацькоўскім Viber-чаце. Скрыны перапіскі
2019.09.10 17:34

Эфектам фаварытызацыі становіцца напружанне ўнутры кіруючага класа, які ўмоўна падзяляецца на «служылых» і «фаварытаў». Ролю «служылых» (сілавыя структуры і наменклатура) пачынае зводзіцца да абслугоўвання асабістых інтарэсаў (камфорту) кіраўніка і яго атачэння. Фаварыты ж могуць паступова набываць палітычную вагу і ўплыў, што паглыбляе канфлікты (правакуе чысткі сярод служылых) і ўзмацняе няўстойлівасць аўтарытарнай сістэмы і паступова прыводзіць да яе гібелі. Думаю, што ў наступныя гады гэтыя тэндэнцыі будуць толькі нарастаць, а Нацыянальны сход з палаты маўчання ператворыцца ў ложу фаварытаў.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў