Парламент Егіпту даў дазвол на ваенную інтэрвенцыю ў Лівію


Парламент Егіпту даў прэзідэнту Абдэльфатаху ас-Сісі дазвол на ваеннае ўмяшанне ў Лівію, ухваліўшы размяшчэнне вайскоўцаў за мяжой для барацьбы з «тэрарыстычнымі групамі» і «апалчэнцамі». Пра гэта паведамляе Reuters.

Парламент Егіпту заявіў, што войскі будуць абараняць нацыянальную бяспеку на «стратэгічным заходнім фронце» ад дзейнасці ўзброеных фармаванняў і замежных тэрарыстычных элементаў. Дэталі імавернай аперацыі не раскрываюцца. Таксама ў заяве парламенту Лівія наўпрост не называецца.

Пасля галасавання ў парламенце дзяржаўнае тэлебачанне Егіпта размясціла на экране надпіс «Егіпет і Лівія – адзін народ, адзін лёс».

На мінулым тыдні ас-Сісі папярэдзіў, што Егіпет вымушаны будзе рэагаваць, калі з’явіцца пагроза нацыянальнай бяспецы Егіпта і з боку Лівіі.

З таго часу як у 2011 годзе быў зрынуты і забіты кіраўнік Муамар Кадафі, у Лівіі пануе палітычная нестабільнасць і двоеўладдзе. На захадзе краіны, у Трыпалі, размяшчаецца ўрад нацыянальнай згоды, сфармаваны з падтрыманнем ААН і прызнаны міжнароднай супольнасцю. На ўсходзе знаходзіцца парламент і армія пад камандаваннем фельдмаршала Халіфа Хафтара. Хафтара падтрымлівае Расея, ААЭ і Егіпет.

У студзені 2020 года парламент Турцыі ўхваліў законапраект, які прадугледжвае магчымасць адпраўкі турэцкіх вайскоўцаў у Лівію. Анкара лічыць нелегітымным урад Хафтара і падтрымлівае Урад нацыянальнага адзінства.

Hавiны
Турцыя пачала адпраўку сваіх вайскоўцаў у Лівію
2020.01.16 15:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў