Парк высокіх тэхналогіяў як узор. Ці вырашацца ўлады на зніжэнне падаткаў?


Больш за палову сваіх даходаў беларусы выдаткоўваюць на выплату падаткаў. Калі быць дакладнымі, то гэтая лічба, паводле дадзеных даследавання кампаніі PricewaterhouseCoopers сумесна з групай Сусветнага банку, складае 52,9%, што з’яўляецца адным з найвялікшых паказнікаў на ўсім еўрапейскім кантыненце.

Даследаванне «PricewaterhouseCoopers» сумесна з групаю Сусветнага банку

Для параўнання сярод краінаў Еўропы большую частку свайго даходу аддаюць дзяржаве жыхары толькі дзвюх краін – Бельгіі (57,1%) і Францыі (62,2%). У сярэдняга жыхара краін заходняй Еўропы дзяржава забірае ў выглядзе падаткаў прыкладна 39,6% даходу, жыхара рэгіёну Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, куды адносіцца і Беларусь, – 33,4%. То бок, калі сярэдні еўрапеец выдаткоўвае на падаткі каля траціны сваіх кроўна заробленых, сярэдні беларус – больш за палову.

Для параўнання, у Канадзе гэты паказнік складае 20,9%, у ЗША – 43,8%, Японіі – 47,4%. І зноў менш, чым у Беларусі!

Якія ж падаткі плацяць беларусы?

Па-першае, гэта падаходны падатак. Ён вагаецца ў залежнасці ад катэгорыі плацельшчыка. Так, супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогіяў плоцяць 9% ад свайго заробку, звычайныя асобы – 13%. Па-другое, гэта абавязковая выплата работнікамі 1% у пенсійны фонд. Па-трэцяе, наймальнікі плоцяць за сваіх працоўнікоў 34% ад намінальнага заробку кожнага супрацоўніка. Таксама ёсць падатак на дадатковую вартасць (ад 0,5% да 20%), які месціцца ў кошце тавараў і паслуг, акцызы, транспартны і зямельны падаткі, падатак на нерухомасць і г.д.

Як вынік, за 2017 год у беларускі бюджэт паступіла 26,34 млрд рублёў падатковых даходаў. У прыватнасці, дзяржава сабрала 9,2 млрд рублёў ПДВ, 2,9 млрд рублёў падатку на прыбытак, 2,3 млрд акцызаў, у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) паступіла 12,4 млрд рублёў.

І хоць восенню 2015 года, перад прэзідэнцкімі выбарамі, Аляксандр Лукашэнка ў сваёй праграме і абяцаў забарону на павышэнне старых і ўвядзенне новых падаткаў на працягу пяці гадоў, а любыя змены падаткаў – толькі ў бок змяншэння і спрашчэння, сваіх абяцанняў ён так і не выканаў.

Гэтак, ужо ў снежні 2015 года каэфіцыент да стаўкі падатку на неэфектыўна выкарыстоўваную нерухомасць вырас у 20 разоў. Праз год стаўкі адзінага падатку для фізічных асобаў і ІП павялічылі ў сярэднім на 12%, а яшчэ праз год ПДВ на паслугі электрасувязі вырас з 20% да 25%. У чарговы раз вясной 2018 года выраслі стаўкі адзінага падатку з ІП і фізасобаў (прыкладна на 7,5% у залежнасці ад рэгіёну), а таксама стаўкі падатку для менчукоў, якія здаюць кватэры (у сярэднім на 6,3%).

Падатак на дармаедства стаў каталізатарам сацыяльных пратэстаў летась. Фота https://www.dw.com

Зменшыць нагрузку

Змяншаць падатковую нагрузку на грамадзянаў улады не збіраюцца, хоць і разумеюць такую неабходнасць. Гэтак, як заявіў 31 кастрычніка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў прэм’ер-міністр Сяргей Румас, «да выпрацоўкі шляхоў зніжэння адлічэнні ў ФСАН пакуль не падышлі, хоць ёсць разуменне, што гэтую нагрузку трэба паступова перакладаць з прадпрыемстваў на работнікаў – паступова, можа, па 1% у год».

Як адзначыла ў каментары Belsat.eu акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова, беларускія ўлады не рызыкуюць змяншаць для працадаўцаў працэнт адлічэнняў у ФСАН, бо баяцца зніжэння фінансавых паступленняў фонду. Аднак, падкрэсліла суразмоўца, у Беларусі ўжо ёсць станоўчы досвед зніжэння падаходнага падатку, у выніку чаго зборы па ім наадварот выраслі за кошт выхаду часткі даходаў з ценю.

«Такі ж эфект магло б мець і зніжэнне ФСАН – высокія ўзносы гэта асноўная прычына заніжэння белых заробкаў. Акрамя таго, гэта аказала б станоўчае ўздзеянне на эканоміку, асабліва на галіны з высокай прадукцыйнасцю працы і адпаведна высокімі заробкамі. Вядома, стымулюючы эфект спрацуе не адразу, а напаўняць ФСАН трэба ўжо сёння, што і тлумачыць страхі ўрада», – мяркуе эканаміст.

Кацярына Барнукова таксама бачыць сэнс у тым, каб перадаць функцыі па зборы адлічэнняў ФСАН міністэрству па падатках і зборах. Тады б толькі адно ведамства займалася ўсімі выплатамі, што спрасціла б жыццё бізнесу. Больш за тое, можна было б зменшыць выдаткі за кошт скарачэння падвойных функцыяў па зборы падаткаў і ўнёскаў. «А ФСАН бы тады заняўся непасрэдна распараджэннем сродкаў», – падкрэсліла суразмоўца.

Увогуле эксперт выступіла супраць далейшага росту падаткаў і сацыяльных збораў, якія сёння і так зʼяўляюцца вельмі высокімі. Іх далейшае павышэнне, на думку эканаміста, прывядзе да эканамічнага спаду і сыходу часткі эканомікі ў цень. У якасці станоўчага прыкладу дзеяння зніжаных падаткаў Кацярына Барнукова прывяла Парк высокіх тэхналогіяў, дзе зніжэнне ўнёскаў ФСАН стала асноўнай падатковай льготай, «якая дазволіла развівацца працаёмкаму сектару з высокай прадукцыйнасцю».

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў