Парашэнка зацвердзіў межы акупаваных раёнаў Данбасу. Навошта?


Кіраўнік Украіны падпісаў указ №32/2019, які зафіксаваў межы часова акупаваных тэрыторыяў Данецкай і Луганскай вобласцяў, паведамляе прэс-служба Пятра Парашэнкі.

У дакуменце падрабязна апісваюцца каардынаты межаў Украіны з самаабвешчанымі ДНР і ЛНР. Указ быў апублікаваны 7 лютага і ўступіў у дзеянне ў дзень публікацыі.

Прафесар Нацыянальнага ўніверсітэту «Адэская юрыдычная акадэмія» Таццяна Малярэнка называе гэты ўказ юрыдычнай фармальнасцю.

«Нічога асабліва новага ў гэтым указе няма. Раней гэтыя населеныя пункты называліся «зона АТО». Цяпер, паколькі АТО афіцыйна завершана, і прынята іншае заканадаўства (яшчэ ў мінулым годзе), у адпаведнасці з якім тэрыторыі, кантраляваныя самаабвешчанай ЛДНР, называюцца «акупаванымі», трэба перайменаваць тэрыторыі зоны АТО ў «акупаваныя тэрыторыі». Ніякіх іншых наступстваў гэты ўказ несці не будзе», – распавяла Belsat.eu Таццяна Малярэнка.

Нагадаем, што летась 30 красавіка Парашэнка аб’явіў аб завяршэнні АТО (антытэрарыстычнай аперацыі) і пачатку Аперацыі абʼяднаўчых сілаў.

Мяжа паміж ЛНР і ДНР

Мяжа ёсць не толькі паміж падкантрольнымі Кіеву тэрыторыямі і акупаванымі прарасейскімі баевікамі раёнамі, але і паміж самаабвешчанымі рэспублікамі. На мяжы ЛНР і ДНР людзі гадзінамі стаяць у чэргах.

Рэпартаж «Донбас Реалии» пра сапраўдную мяжу паміж самаабвешчанымі рэспублікамі

Эксперты мяркуюць, што ДНР знаходзіцца пад кантролем людзей Уладзіслава Суркова, дарадцы Уладзіміра Пуціна. ЛНР крышуе іншая расейская групіроўка сілавікоў. У звязку з гэтым самаабвешчаныя рэспублікі не могуць аб’яднацца.

«Расейскія куратары не зацікаўленыя ў абʼяднанні, бо калі замест двух патокаў будзе адзін, то спецслужбам, які курыруюць гэтыя псеўдарэспублікі, прыйдзецца вельмі несалодка ў разборках адзін з адным», – патлумачыла ru.krymr.com аналітык Цэнтру даследаванняў праблемаў грамадзянскай супольнасці Марыя Кучарэнка.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў