Парашэнка ўвёў санкцыі ў дачыненні да двух беларускіх прадпрыемстваў


Упершыню пад санкцыі Украіны трапілі беларускія прадпрыемствы.

У адноўленым спісе юрыдычных асобаў да якіх ужытыя санкцыі з’явіўся Мазырскі спіртагарэлачны завод і ААТ «Свет піва». У дачыненні да мазырскага заводу санкцыі будуць дзейнічаць год, на тры гады прыпыненыя гандлёвыя аперацыі са «Светам піва».

Прычыны ўвядзення санкцыяў не называюцца. У мінулым годзе журналісты «Белсату» Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева правялі расследаванне. Яны высветлілі, што Мазырскі спіртагарэлачны завод пастаўляе сваю прадукцыю на тэрыторыі ЛНР і ДНР.

«Мы працавалі з «ДНР» і «ЛНР», але цяпер часова не займаемся гэтым напрамкам. Там па коштах узніклі пытанні. А партнёрам нашым была кампанія Huge Sky», – паведаміў тады «Белсату» намеснік дырэктара Мазырскага заводу Аляксандр Македонскі.

Сярод тых, хто пастаўляў (або і дагэтуль пастаўляе) сваю прадукцыю ў самаабвешчаныя рэспублікі, даволі буйныя беларускія прадпрыемствы: канцэрн «Мінск Крыстал Груп», у які разам з трапіўшым пад санкцыі мазырскім заводам уваходзяць Гомельскі лікёра-гарэлачны завод, Віцебскі ЛГЗ, Клімавічскі ЛГЗ, Гарадзенскі ЛГЗ і Берасцейскі ЛГЗ. Былі заўважаныя ў супрацы з сепаратыстамі ААТ «Крыніца», «Белалка», «Радамір», «Слаўпрадукт».

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў