Парашэнка распавёў пра пагрозы зрыву прэзідэнцкіх выбараў


Падчас сустрэчы з выбарнікамі ў Кіеве Пятро Парашэнка заявіў, што існуе пагроза зрыву выбараў праз арганізацыю масавых беспарадкаў у месцах агітацыі.

Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».

«Кампанію зносін з выбарнікамі спрабуюць перавесці ў фармат вулічных беспарадкаў. Гэта ўжо нават не брудная палітычная тэхналогія. Гэта спроба паставіць пад пагрозу сам факт правядзення выбараў, сарваць іх», – сказаў Парашэнка.

Ён дадаў, што абавязак украінскай улады – не дапусціць падобнага сцэнару. Паводле слоў Парашэнкі, аўтары, заказчыкі, спонсары і выканаўцы гэтага сцэнара «ўсімі праўдамі і няпраўдамі правакуюць на прымяненне грубай фізічнай сілы».

«Але таму мы і моцныя, што не будзем даваць ім такога падарунку. Наш адказ – гэта наша з вамі шматтысячнае супрацьстаянне, барацьба за дзяржаву, сход сапраўдных украінскіх патрыётаў», – дадаў Парашэнка.

Таксама дзеючы прэзідэнт Украіны заявіў, што ўпэўнены ў сваёй перамозе на будучых выбарах і адзначыў, што выбары будуць «цалкам адпавядаць еўрапейскім стандартам выбарчай кампаніі» і «гэта будзе сумленная перамога».

Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ва Украіне запланаваныя на 31 сакавіка. Эксперты прагназуюць, што яны пройдуць у два туры. Другі тур, меркавана, адбудзецца не пазней за 21 красавіка.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў