Парашэнка: Пуцін хоча захапіць яшчэ адзін кавалак Украіны


Пра гэта прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў у інтэрв’ю нямецкай газеце «Bild».

«Наш флот прытрымліваецца міжнароднага права. У нас усе доказы на стале, і ўсе бачаць, што гэта расейскія салдаты напалі на наш флот. Мы павінны былі рэагаваць пасля гэтага акту агрэсіі, і таму я ўвёў ваеннае становішча ў некаторых рэгіёнах, бо мы мусім абараняць нашу краіну. Гэта як у 2014 годзе, Пуцін хоча далучыць яшчэ адну частку Украіны, ён паводзіць сябе так жа, як і тады», – сказаў Парашэнка.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што кіраўнік Расеі бачыць сябе імператарам, а Украіну – калоніяй.

Паводле Парашэнкі, Украіна папрасіла, каб краіны NATO накіравалі некалькі судоў у Азоўскае мора для забеспячэння глабальнай бяспекі.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна пракаментаваў ініцыятыву Парашэнкі так:

«Сама пастаноўка пытання, вядома, мае на мэце далейшае правакаванне напружанасці і працяг правакацыйнай лініі, у аснове якой ляжаць электаральныя ўнутрыпалітычныя інтарэсы прэзідэнта Парашэнкі», – сказаў Дзмітрый Пяскоў.

Канфлікт у Керчанскай пратоцы: што гэта было? 5 галоўных пытанняў і адказаў

25 лістапада тры караблі ВМФ Украіны ішлі з Адэсы ў Марыупаль. Каб дасягнуць Марыупалю караблі мусілі прайсці праз Керчанскую пратоку і ўвайсці ў Азоўскае мора. Правілы карыстання Азоўскім морам і Керчанскай пратокай былі замацаваныя дамовай паміж Кіевам і Масквою ад 24 снежня 2003 года. Расейскі бок палічыў, што ўкраінскія караблі парушылі дзяржаўную мяжу і адкрыў па іх агонь.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары