Парашэнка назваў Сталіна і Гітлера вінаватымі ў Другой сусветнай вайне


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў украінцаў і сусветную супольнасць не забываць ахвяраў таталітарызму.

Пра гэта кіраўнік Украіны сказаў падчас сумеснага ўшанавання з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім памяці ахвяраў таталітарызму, падае unian.net.

«Забытыя грахі – гэта грахі не дараваныя. І калі гаворка ідзе пра зверствы таталітарызму, пытанне: памятаць гэты грэх ці не, становіцца выбарам – быць ці не быць чалавекам», – сказаў Парашэнка.

Кіраўнік Украіны адзначыў, што сёння ён і Камароўскі прыйшлі ў Нацыянальны гісторыка-мемарыяльны запаведнік «Быкоўненскія магілы», каб не забыць пра жахі, якія ўкраінскі і польскі народы перажылі ў XX стагоддзі. «І каб, не дай Бог, ніколі не паўтарыліся Бабін Яр, Быкоўня, Катынь, і каб ніколі не паўтарыліся Галакост або Галадамор», – сказаў Парашэнка.

Прэзідэнт Украіны нагадаў, «што савецкая імперыя ў тыя часы ператварыла ў Быкоўню ўсю Украіну». «На прамы загад Сталіна і Берыі, без усялякага суда, без следства тысячы польскіх афіцэраў, тысячы прадстаўнікоў інтэлігенцыі былі знішчаны ў засценках НКВД і пахаваныя, у тым ліку, тут, на залітай крывёю зямлі, у Быкоўні», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

На ягонае меркаванне, «Быкоўненскія магілы» з’яўляюцца «рэхам чорнага верасня 1939 года, калі Гітлер разам са Сталінам зладзілі крывавую бойню Другой сусветнай вайны, а тады паспрабавалі падзяліць і раскалоць Еўропу». «Цяжка сабе ўявіць, але словы «аншлюс», «анексія», «акупацыя» і цяпер набылі асаблівую актуальнасць для Украіны».

Вярхоўная Рада прыняла 9-га красавіка закон аб асуджэнні камуністычнага і нацысцкага таталітарных рэжымаў, забараніла іх прапаганду і сімволіку. Украінскі парламент прагаласаваў таксама, каб замест тэрміну «Вялікая айчынная вайна» выкарыстоўваць тэрмін «Другая сусветная вайна».

У Беларусі намеснік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка прапануе замацаваць на заканадаўчым узроўні адказнасць за скажэнне праўды пра Другую сусветную вайну. «Фальсіфікацыямі» назавуць праўду пра злачынныя дзеянні кіраўніцтва СССР, кажуць гісторыкі.

МЯ, паводле unian.net

Стужка навінаў