Парашэнка ініцыяваў канчатковы выхад Украіны з СНД


Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прапанаваў сумесна з Кабінетам міністраў падрыхтаваць прапановы па афіцыйным спыненні ўдзелу ўкраінскай дзяржавы ў СНД.

«Зыходзячы з таго, што Украіна ніколі не была [Украіна не ратыфікавала Статут СНД, таму дэ-юрэ яна не з’яўлялася членам СНД. – Заўв. Belsat.eu], і не з’яўляецца цяпер сябрам СНД, і адмова гэтай структуры – асудзіць расейскую агрэсію, прашу, каб мы сумесна з урадам падрыхтавалі прапановы адносна афіцыйнага спынення нашага ўдзелу ў статутных органах СНД, роўна як і канчатковага закрыцця ўкраінскага прадстаўніцтва пры адпаведных інстытуцыях у Менску [штаб-кватэра знаходзіцца ў Менску па вул. Кірава 17. – Заўв. Belsat.eu]», – заявіў украінскі прэзідэнт, выступаючы на ​​XI Кіеўскім форуме па бяспецы.

Пытанне выхаду Украіны з СНД падымалася яшчэ ў 2014 годзе. У 2017 годзе сакратар СНД Сяргей Лебедзеў паведаміў, што ўкраінскі бок не плаціць узносы.

Украіна – асацыяваны член СНД з 1993 года.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.com.ua

Глядзі таксама
Каментары