Парад «Калядных цароў»


«Калядныя цары» – віншавальны абыходны абрад, прымеркаваны да «Шчодрага вечара» і адмысловая лакальная традыцыя вёскі Семежава, што ў Капыльскім раёне. Спалучае ў сабе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы «Цар Максіміліян»..

У прадстаўленні бяруць удзел традыцыйныя мясцовыя персанажы «Дзед» і «Баба», а таксама юнакі– «цары»,  апранутыя ў белыя штаны ды кашулі. На грудзях у іх крыж-накрыж павязаны чырвоныя семежаўскія паясы з традыцыйным арнаментам. На галаве – высокія шапкі, упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі.

Факельнае шэсце суправаджаецца і святочнымі калядаваннямі.

Адрадзілі абрад у 1996 годзе: былі сабраны дакументальныя матэрыялы, сведчанні старажылаў, а па самой вёсцы Семежава штогод сталі маршыраваць «Калядныя цары». У народзе вераць, што ў доме, дзе пабывалі «цары», увесь год будзе мір, згода і багацце.

Непаўторны абрад «Калядныя цары» – адзіны, які ўключаны ў спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (уваходзіць у яго з 2009 года).

Фота belsat.eu

Стужка навінаў