Папяровая дыктатура

Электаральная рэвалюцыя перарасла ў адкрытае вулічнае супрацьстаянне. «Аксамітны тэрор», які пачаў было захопліваць краіну, перарос у нечаканы крывавы тэрор і супрацьстаянне.

Тое, чаго ўлады так імкнуліся пазбегнуць – адбылося, з’явіліся першыя ахвяры. Лукашэнка можа святкаваць «пратакольную перамогу», але да перамогі палітычнай яшчэ далёка, калі наагул пра яе можна казаць у бліжэйшай будучыні. Гаворка хутчэй можа ісці пра выжыванне сістэмы ва ўмовах глыбокага крызісу. І пакуль сістэма будзе існаваць у цяперашнім яе фармаце, крызіс будзе працягвацца. З электаральнай прорвы Лукашэнку ўжо не выбрацца. У бліжэйшыя дні стане зразумела, наколькі моцна крызіс легітымнасці і паслухмянасці паразіў дзяржаўныя інстытуты, сілавыя структуры і служачых.

Hавiны
«Што вы творыце, звяр’ё?» Зоркі звяртаюцца да сілавікоў і падтрымліваюць беларусаў
2020.08.10 17:39

Той факт, што сістэма перастала быць маналітнай, а загады «фальсіфікаваць» і разганяць выконваюцца не ўсімі, з’яўляюцца сведчаннем павольнага ўнутранага распаду. У далейшым гэты працэс будзе звязаны з тым, што адбудзецца ў гэтыя некалькі дзён. Сітуацыя такая, што кожны дзень для сістэмы можа стаць апошнім.

Пазіцыя немалой часткі беларускага грамадства вызначылася, яно не збіраецца беспярэчна прыняць «навязаны» вынік. Разам з тым, зразумелая і пазіцыя дзейснай улады – поўнае панаванне і падаўленне.

Hавiны
Малы ўручскі фронт: у Менску выбарцы на адным з участкаў больш за гадзіну супрацьстаялі АМАПу
2020.08.10 15:03

У крытычнай сітуацыі, калі на кон пастаўлена само палітычнае існаванне рэжыму, іншыя сцэнары не прадугледжаныя. Улада, рэпрэсіі, перавага – калі рэальная легітымнасць дыктатара бурыцца, яго легітымнасьць у лічбах становіцца абсалютнай. Гэтым можна растлумачыць такі высокі адсотак галасоў за Лукашэнку. У выніку мы маем папяровую дыктатуру, якая абапіраецца на штыкі.

Але, разам з тым, мы маем волю народа да свабоды і справядлівасці, якая пашыраецца, волю да барацьбы, да якой наўпрост не заклікаў «аб’яднаны» штаб Святланы Ціханоўскай. Людзі разумеюць, што без супрацьстаяння галасы не абараніць.

Тое, чыя воля атрымае верх, залежыць ад 3 ключавых фактараў:

  1. Гатоўнасць грамадства да дзеянняў. Далейшая мабілізацыя грамадства і гатоўнасць пратэставаць з новай сілай увечары 10 жніўня і ў наступныя дні. 10 жніўня гэта своеасаблівы момант ісціны для беларускіх грамадзянаў. І ў дадзеным выпадку гаворка не ідзе пра «прыняцце» вынікаў галасавання, а пра «прыняцце» ахвяры (або ахвяр) пратэстаў ноччу з 9 на 10 жніўня. У гісторыі большасці рэвалюцый, кампанентам, што мабілізуе, з’яўляецца менавіта кровапраліцце, якое бударажыць і захапляе ўсё грамадства і пазбаўляе дыктатара рэшткаў легітымнасці. Крывавы гвалт змяняе нават абыякавых. Калі ахвяры не прымушаюць нацыю кансалідавацца супраць тырана, то ўжо нішто і ніхто не зможа прымусіць іх звергнуць дыктатара. Кроў або разрывае путы няволі, або робіць іх мацней, а грамадства больш паслухмяным. Таму, калі 10 жніўня пратэст не набудзе новай сілы, не стане маштабным – сістэма стабілізуецца, а грамадства зноў атамізуецца. Натуральна, у канцэпцыю пратэсту ўкладваецца і спантанная арганізацыя нацыянальнай забастоўкі. Яе арганізацыя і правядзенне можа стаць важным калі не цэнтральным механізмам разбурэння дзяржаўнай вертыкалі і кантролю. Але для пратэсту неабходная калектыўная воля і салідарнасць.
  2. Гатоўнасць сістэмы супрацьстаяць працэсу кансалідацыі грамадства. Ўстанаўленне кантролю і маштабны тэрор. На дадзеным этапе ўлады змаглі ўтрымаць кантроль і збіць першую хвалю незадаволенасці, разам з тым яна стварыла прычыны для росту пратэставых настрояў. У вачах большасці яна стала крывавай тыраніяй. Асноўны рэсурс Лукашэнкі – гэта сілавікі, але ў доўгатэрміновым супрацьстаянні з грамадствам сілавы рэсурс вычэрпваецца. Чым даўжэй (гаворка ідзе пра крызісную сітуацыю) пратэст (забастоўка) расцягваецца па часе, тым хутчэй вычэрпваецца сілавы рэсурс. Фактычна ўлада дэманструе сваё бяссілле і неэфектыўнасць. Таму для сістэмы важна хутка здушыць пратэст і не дапусціць новых, маштабных і больш зацяжных.
  3. Гатоўнасць электаральнага лідара ўключыцца ў барацьбу. Важную ролю ў супрацьстаянні будзе гуляць пазіцыя лідара альтэрнатыўна-апазіцыйнага руху. Калі ў крызіснай сітуацыі лідар дыстанцуецца і захоўвае маўчанне, гэта дэмаралізуе пратэстоўцаў і аслабляе волю да барацьбы. Святлана Ціханоўская стала сімвалам і сцягам пратэсту незалежна ад таго, хацела яна гэтага ці не. Застацца ў баку азначае дазволіць уладам хутка здушыць хвалю абурэння.
Hавiны
Выжыўшы Яўген Заічкін пра падзеі 9 жніўня: «Стаў на калені, падняў рукі і атрымаў дубінкай у твар»
2020.08.10 15:52

Разам з тым, улады могуць распачаць крокі да таго, каб зламаць і прымусіць Ціханоўскую «адрачыся» ад таго, што адбываецца ў Менску, «асудзіць правакацыі», і заклікаць да «мірнага вырашэння» крызіснай сітуацыі. Падобны сцэнар ужо меў месца ў 2010 годзе. Гэта таксама будзе азначаць псіхалагічную перамогу рэжыму над сваімі апанентамі і самае глыбокае расчараванне актыўнай часткі насельніцтва. Гэта стане каласальным культурна-палітычным надломам, які скончыцца трыумфам улады.

Зараз у Беларусі зацішша, але крызіс не развязаны. Беларусь, беларуская ўлада і грамадства знаходзяцца ў «шэрай зоне» супрацьстаяння. Актыўнае дзеянне любога з бакоў можа кардынальна змяніць усё.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў