Папяровае змаганне. Як абараніць сваё права на мову?


Як напісаць зварот, каб з’явілася беларуская мова? Як паводзіцца, калі вас дыскрымінуюць за беларускую мову? Што рабіць, калі няма беларускамоўных бланкаў? На гэтыя ды іншыя пытанні адказваюць «моўныя інспектары» ў сваёй новай кнізе.

Аліна Нагорная і Ігар Случак прывезлі ў Горадню «Дапаможнік па абароне моўных правоў у Беларусі». Гэтая невялічкая кішэнная кніжка стала адказам на шматлікія пытанні, якія «моўныя інспектары» атрымлівалі ледзь не штодня. Усяго за пяць дзён удалося сабраць грошы на выданне кнігі праз краўдфандынг. У выніку на свет з’явіліся 600 асобнікаў дапаможніка «Абаронім мову», які хутка трапіць у кнігарні.

Ігар Случак. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У краме

У сітуацыі, калі супрацоўнік адмаўляецца гаварыць па-беларуску або не разумее мовы, можна папрасіць кнігу заўваг і прапаноў і напісаць там наступнае: «Прашу праверыць на прафесійную прыдатнасць супрацоўніка ўстановы, паколькі ён не ў стане абслугоўваць наведніка па-беларуску, і паведаміць мне аб мерах, прынятых паводле маёй заўвагі». Акрамя таго, можна падаць заяву падобнага зместу ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Туды трэба дадаць адрас і назву крамы і паведаміць аб няякасным абслугоўванні. Так можна рабіць і ў тых выпадках, калі ў краме няма беларускамоўнага аздаблення, шыльдаў і цэтлікаў і г.д.

Прэзентацыя Дапаможніка па абароне моўных правоў у Беларусі “Абаронім мову!” у Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У банку

Падобным чынам можна пісаць звароты са скаргамі і прапановамі ў банкаўскія ўстановы. Зварот можна накіроўваць у выпадку, калі: у банкамаце няма беларускай версіі; няма дамовы па-беларуску; вас абслугоўваюць не на беларускай мове; сайт банку не мае беларускай версіі; аздабленне банку або асобнага аддзялення не ўтрымлівае беларускай мовы.

Аліна Нагорная. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У навучальных установах

Адсутнасць адукацыі па-беларуску – дыскрымінацыя паводле моўнай прыкметы тых, хто хоча навучацца па-беларуску. У такім выпадку неабходна звярнуцца ў адпаведную ўстанову адукацыі, а таксама Міністэрства адукацыі з прапановай забяспечыць выкананне арт. 90 Кодэкса аб адукацыі і арт. 50 Канстытуцыі, паводле якога Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Варта пры гэтым апісаць канкрэтную сітуацыю, якім чынам дадзеная ўстанова парушае вашае права на мову.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Калі ганьбяць мову ў сацсетках

У выпадку, калі вы сталіся сведкам абразы беларускай мовы ў сацсетках існуе два варыянты дзеяння. Калі асобу можна ідэнтыфікаваць, неабходна звярнуцца ў раённы выканаўчы камітэт са зваротам, дзе будзе ўказана калі і дзе канкрэтны пакінулі запіс. У выпадку, калі асобу нельга ідэнтыфікаваць пішам тое самае, указваючы назву рэсурсаў і інфармацыю пра парушальніка, якую можна сабраць – спасылка на сацсеткі, псеўданім ды інш. У абодвух выпадках напрыканцы звароту дадаем: «У адпаведнасці з артыкулам 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, артыкулам 3.30 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ прашу прыцягнуць пазначанага грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці».

Ігар Случак і Аліна Нагорная на прэзентацыі сваёй кнігі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Калі няма бланкаў па-беларуску

Запаўняючы бланк варта памятаць, што любы рускамоўны бланк можна запоўніць па-беларуску. Можна таксама пачаць перапіску з прапановай зрабіць беларускамоўную версію бланка. Калі ў прапанове адмовілі, можна прасіць райвыканкам прыцягнуць да адказнасці ўстанову за парушэнне інструкцыі па справаводстве. Апроч таго існуе магчымасць атрымаць тэкст любой дамовы на беларускай мове. Гэта датычыць усіх устаноў, бізнесаў, прыватных стасункаў, у якіх вы заключаеце дамову.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў