Паплечнік Жырыноўскага: Можа, беларусы хочуць уз'яднання, як крымчакі


Расейскі дэпутат Міхаіл Дзегцяроў мяркуе, што беларусы могуць хацець уз’яднацца з Расеяй.

25 снежня Уладзімір Пуцін сустрэўся з дэпутатамі і сенатарамі. Праз зацягнуты абед з Лукашэнкам пачатак сустрэчы адклалі на некалькі гадзінаў. У чаканні на расейскага лідара дэпутаты і сенатары распавялі тэлеканалу «Дождь», што думаюць пра беларуска-расейскую інтэграцыю.

Паводле дэпутата Дзяржаўнай думы Пятра Калашнікава, «уступкі сярод сяброўскіх дзяржаваў павінныя быць узаемнымі».

«Не можа быць дарогі з аднабаковым рухам», – дадаў Калашнікаў.

Паводле дэпутата Пятра Талстога, «русский мир» можа ўратаваць Беларусь.

«Беларусь – у нашым сэрцы. Гэтаксама, як Украіна, Казахстан, рэспублікі Прыбалтыкі. Гэта нашыя найбліжэйшыя суседзі, частка нашага сусвету, які, безумоўна, мае патрэбу ў «акармленні «рускім светам», – заявіў Талстой.

Міхаіл Дзегцяроў і Уладзімір Жырыноўскі. Фота – vesti.net

Дэпутат Міхаіл Дзегцяроў ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі мяркуе, што беларусы могуць хацець уз’яднацца з Расеяй.

«Чаму не даць [імю – Заўв. belsat.eu] такога права – выказацца? Чаму не спытаць народ, як ён хоча жыць у Саюзнай дзяржаве? Можа, народ хоча, як крымчакі, аб’яднацца? Трэба б запытацца беларусаў. Гэта важнае пытанне, якое варта развязваць», – дадаў Дзегцяроў.

ДД

Стужка навінаў