Папа Францішак заклікаў увесь свет аб’яднацца ў супрацьстаянні пандэміі


Папа Рымскі 12 красавіка.
Фота: vaticannews.va

У Вялікдзень, 12 красавіка, Папа Рымскі Францішак звярнуўся да вернікаў усяго свету з галоўнага алтара базілікі Святога Пятра.

Як паведамляе «Vatican News», пантыфік адзначыў, што ў гэты дзень ягоныя думкі звернутыя асаблівым чынам «да тых, каго непасрэдна закрануў каронавірус: да хворых, памерлых і іх родных, якія аплакваюць смерць блізкіх, з якімі ў асобных выпадках не мелі магчымасці нават развітацца».

«Няхай Пан жыцця прыме ў сваё Валадарства памерлых і падорыць падтрымку і надзею тым, хто яшчэ праходзіць праз выпрабаванне, асабліва пажылым і самотным людзям. Няхай не адчуваюць недахопу ў Яго суцяшэнні і патрэбнай дапамозе тыя, хто знаходзіцца ва ўмовах асаблівай уразлівасці, як работнікі больніц або тыя, хто жыве ў казармах, а таксама зняволеныя ў турмах. Для многіх гэта Вялікдзень самоты, якая перажываецца сярод жалобы і шматлікіх нястач, выкліканых пандэміяй, – ад фізічных пакут да эканамічных праблем», – сказаў ён.

Фотарэпартаж
Вялікдзень і Вербніца: як адзначылі святы вернікі ў Менску. Фотарэпартаж
2020.04.12 17:30

Францішак папрасіў Бога пра «сілы і надзею медыкам і медсёстрам, якія паўсюль даюць сведчанне клопату і любові да бліжняга, на мяжы сваіх сіл і нярэдка ахвяруючы ўласным здароўем».

Паводле яго, за гэтыя тыдні жыццё мільёнаў чалавек раптоўна змянілася. Пры гэтым для шмат каго гэта «час трывогі за будучыню, якая выглядае няпэўнай, за працу, якую ёсць рызыка страціць, і за іншыя наступствы, якія нясе з сабой бягучы крызіс».

Таму пантыфік заклікаў палітыкаў «прыкладаць актыўныя намаганні, каб дазволіць усім весці годнае жыццё, і спрыяць, наколькі дазваляюць абставіны, аднаўленню звыклай паўсядзённай дзейнасці».

Папа Рымскі падкрэсліў важнасць таго, каб не засталіся самотнымі бедныя, бежанцы ды бяздомныя, каб людзі не заставаліся без рэчаў першай неабходнасці, лекаў і годнай медычнай дапамогі. Апроч таго, ён заклікаў аслабіць міжнародныя санкцыі, «якія стрымліваюць магчымасць краін, якіх яны датычаць, аказваць адэкватную падтрымку сваім грамадзянам, і дазволіць усім краінам, асабліва найбольш бедным, задавольваць найбольшыя патрэбы часу, скараціўшы, калі не спісаўшы цалкам, запазычанасці, што абцяжарваюць іх бюджэты».

Hавiны
Генсакратар ААН заклікаў адмяніць санкцыі
2020.03.25 07:54

На яго думку, настаў час скончыць канфлікты ва Украіне, Сірыі, Емене, Іраку ды Ліване, паміж Ізраілем і Палестынай, у розных краінах Афрыкі. Асаблівую ўвагу Францішак звярнуў на гуманітарны крызіс у Мазамбіку, а таксама на бежанцаў, «што жывуць у нясцерпных умовах, асабліва ў Лівіі і на мяжы паміж Грэцыяй і Турцыяй».

«Няхай Ён [Бог. – Рэд. belsat.eu] дапусціць, каб у Венесуэле былі дасягнуты канкрэтныя і неадкладныя рашэнні, накіраваныя на тое, каб міжнародная дапамога дасягнула насельніцтва, што пакутуе па прычыне складанай палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і санітарнай кан’юнктуры», – заклікаў Папа Рымскі.

Зачытаўшы пасланне, Святы Айцец удзяліў усім вернікам добраслаўленне «Urbi et orbi» (Гораду і свету).

МГ belsat.eu

Стужка навінаў