Папа Францішак прызначыў новага нунцыя ў Беларусь


Новым апостальскім нунцыем у Беларусі будзе мансіньёр Габар Пінтэр, які да гэтага часу займаў пасаду дарадцы Апостальскай нунцыятуры ў Аўстрыі.

Габар Пінтэр (Gábor Pintér) нарадзіўся 9 сакавіка 1964 года ў Вугоршчыне. Святарскае пасвячэнне прыняў 11 чэрвеня 1988 года; з’яўляецца святаром дыяцэзіі Вац (Вугоршчына). На дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы з 1 ліпеня 1996 года; працаваў у Гаіці, Балівіі, Скандынавіі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

Новы нунцый валодае вугорскаю, нямецкаю, італьянскаю, англійскаю, французскаю, іспанскаю, крэольскаю, шведскаю і расейскаю мовамі.

Нунцый (ад лац. nuntius – веснік) – сталы дыпламатычны прадстаўнік Папы Рымскага ў дзяржавах, з якімі Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя стасункі. Нунцый – вышэйшы дыпламатычны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

З 2011 да 2015 года Апостальскім нунцыем у Беларусі быў Кляўдʼё Гуджэроцці, які быў надзвычай шанаваны вернікамі ды быў вядомы сваёй вялікаю прыхільнасцю да беларускае мовы і культуры.

МЯ, паводле catholic.by

Стужка навінаў