Папа Францішак адправіцца ў Арменію, Грузію і Азербайджан


Папа Францішак паедзе ў Арменію, Грузію і Азербайджан. Гэта будуць два асобныя падарожжы.

Першае – у чэрвені – у Арменію, другое – у верасні – у Грузію і Азербайджан. Пра гэта 9-га красавіка 2016 года паведамілі ў Ватыкане.

«Прымаючы запрашэнні Гарэгіна II, Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армянаў, грамадзянскіх уладаў і Каталіцкага Касцёлу, Францішак адправіцца ў Арменію з 24 па 26 чэрвеня 2016 года», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду.

«У той жа час, прымаючы запрашэнні Яго Святасці Іллі II, Каталікоса Патрыярха ўсяе Грузіі, а таксама грамадзянскіх і рэлігійных уладаў Грузіі і Азербайджану, Святы Айцец здзейсніць сваё апостальскае падарожжа на Каўказ, наведваючы гэтыя дзве краіны з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016 года», – адзначаецца ў той жа заяве.

Пакуль нічога не гаворыцца пра дакладную праграму гэтых двух падарожжаў.

Гэта не першы візіт біскупаў Рыму ў тры ўзгаданыя краіны. Раней іх наведаў Ян Павел ІІ. У лістападзе 1999 года ён адправіўся ў Грузію, дзе падпісаў сумесную з галавою Грузінскай Царквы заяву, у якой прагучаў заклік да кіраўнікоў дзяржаў і міжнароднай супольнасці праявіць волю ў імя выратавання свету ад войнаў, насілля і тэрарызму, і на парозе трэцяга тысячагоддзя стварыць умовы для ўстанаўлення міру ва ўсім свеце. У звароце падкрэслівалася, што тэрарызм стаў новай і рэальнай небяспекай для ўсяго свету.

У верасні 2001 года, наведваючы Арменію, Ян Павел ІІ узяў удзел у святах, прысвечаных 1700-годдзю прыняцця краінай хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі.

У траўні 2002 года ў Азербайджане Папа, між іншым, правёў сустрэчу з рэлігійнымі лідарамі і прадстаўнікамі сферы палітыкі, культуры і мастацтва.

Глядзіце яшчэ >>> «Карабахскі канфлікт вырашыцца пасля дэмакратычных зменаў у Маскве»

Андрэй Піянткоўскі: Канфлікт у Нагорным Карабаху выгадны толькі Пуціну

МЯ, паводле be.radiovaticana.va

Стужка навінаў