Памёр заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер


Юрый Зісер.
Фота: Дзяніс Дзюба

17 траўня ў Менску пасля працяглай хваробы памёр Юрый Зісер, заснавальнік парталу TUT.BY, хостынг-правайдэру hoster.by, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, мецэнат.

Юрый Зісер нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове. У 80-х гадах пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай культуролагам Юліяй Чарняўскай і ўслед за ёй з’ехаў у Менск.

У Беларусі Юрый Зісер працаваў сістэмным праграмістам у НДІ анкалогіі і медычнай радыялогіі ў Бараўлянах, займаўся навукай. У 1992 годзе заснаваў кампанію «Надзейныя праграмы». У 2000 годзе з яго ініцыятывы стартаваў партал TUT.BY, які стаў самым папулярным беларускім онлайн-рэсурсам.

Рэдакцыя парталу TUT.BY.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Юрый Зісер неаднаразова публікаваўся на TUT.BY. Займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Стаяў ля вытокаў шэрагу беларускіх і міжнародных інтэрнэт-праектаў. Быў актыўным удзельнікам стартап-руху, ментарам. Займаўся дабрачыннасцю і мецэнацтвам, але аб гэтай сваёй дзейнасці практычна не расказваў.

Горача захапляўся класічнай музыкай, любіў джаз. У 2013 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на клас аргана, які паспяхова скончыў у 2015 годзе.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне пройдзе ў вузкім коле. Сямʼя Юрыя Зісера просіць ушанаваць яго памяць дома, а замест кветак зрабіць ахвяраванне на барацьбу з COVID-19.

Рэдакцыя «Белсату» выказвае спачуванні сям’і ды блізкім Юрыя Зісера.

СК belsat.eu

Стужка навінаў