Памёр заснавальнік Ікеі


Адышоў Інгвар Кампрад – чалавек, які змяніў выгляд нашага жытла.

Інгвар Кампрад, заснавальнік сусветна вядомай сеткі крамаў тавараў для дому, памёр 27 студзеня ў сваім доме ў Смоландзе – родных яму мясцінах. Кампрад «мірна сканаў у сваім доме», гаворыцца ў паведамленні кампаніі IKEA.

Інгвар Кампрад нарадзіўся 91 год таму. Яшчэ дзіцём ён прадаваў запалкі і асадкі суседзям і чальцам сваёй сям’і: купляў тавар оптам у Стакгольме, прадаваў у розніцу па нізкай цане, але ўсё роўна меў неблагі прыбытак.

Пасля ён займаўся продажам рыбы, калядных упрыгожанняў, насення і алоўкаў.

Паводле ўспамінаў Кампрада, прадпрымальніцкі імпэт развівала ў ім ягоная бабуля, якая і набывала большую частку ягонага асартыменту.

Калі яму было 17 гадоў, на грошы, атрыманыя ў падарунак ад бацькі, ён заснаваў фірму «IKEA». Акронім складаўся з ягоных уласных ініцыялаў (IK), назвы сямейнай фермы Elmtaryd (E) і назвы самай бліжэйшай вёскі Agunnaryd (A).

Ідэя прадаваць мэблю у разабраным выглядзе прыйшла да яго ў 1950-я гады – калі ён убачыў, як адзін з ягоных супрацоўнікаў адкруціў у стала ножкі, каб змясціць у аўце.

Тавары ягонай кампаніі сталі папулярнымі ўва ўсім свеце праз свой дызайн, прастату і, самае галоўнае, кошт.

Тавары Кампрада карэнным чынам змянілі падыход людзей да ўладкавання свайго жытла.

ДД

Стужка навінаў