Памёр выбітны гарадзенскі краязнавец Віктар Саяпін


На 68 годзе жыцця пасля цяжкай працяглай хваробы памёр Віктар Саяпін – аўтар 20 кніг па гісторыі Горадні і вялікай колькасці краязнаўчых артыкулаў.

Нарадзіўся ў Алтайскім краі, але цікавіўся гісторыяй Горадні

Віктар Саяпін

Віктар Саяпін нарадзіўся 17 студзеня 1950 у Алтайскім краі. Але бацькі яго былі карэннымі гарадзенцамі, якіх так далёка ад роднага гораду занесла праца бацькі Віктара – ён быў мытнікам. Пасля вяртання ў Горадню, калі будучы краязнавец вучыўся ў школе, ён пачаў цікавіцца гісторыяй Горадні, збіраць здымкі ды рабіць выразкі з газет. Займаўся фатаграфіяй ды калекцыянаваннем – збіраў паштовыя маркі, значкі. Збіраў і музычныя запісы. Хіба ў яго першага з гарадзенцаў з’явіліся запісы «Бітлоў» ды «Зэпеленаў».

Мытнік, які стаў прафесійным краязнаўцам

Віктар Саяпін абраў прафесію мытніка – пайшоў па слядах дзеда і бацькі. За 25 год даслужыўся да намесніка начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Меў вялікую колькасць узнагародаў за выдатную службу.

Сышоўшы на пенсію стаў займацца прафесійным даследаваннем гісторыі Горадні. Шукаў дакументы не толькі ў гарадзенскіх архівах і бібліятэках. Даводзілася наведваць архівы ды бібліятэкі ў Менску, Вільні, Варшаве ды іншых гарадах. Ён вывучаў не толькі архітэктурныя асаблівасці гораду, не толькі гісторыю асобных будынкаў ці вуліц, але і гісторыю побыту шараговых гарадзенцаў. Спадар Віктар жыў вывучэннем гісторыі Горадні. А наведванне архіваў ды пісанне тэкстаў стала яго новай працай.

У 2013 годзе за дасягненні і адданую працу ў галіне даследавання гісторыі гарадзенскай мінуўшчыны Віктару Саяпіну ўручылі прэмію імя Ю. Ядкоўскага. Саяпін стаў стваральнікам і вядоўцам перадачы «Гарадзенскі каляндар» на рэгіянальным тэлебачанні. У верасні 2016 году Віктара Саяпіна занеслі ў кнігу Славы Горадні.

Апошняя кніга выклікала фурор

26 студзеня адбылася прэзентацыя апошняй кнігі краязнаўцы «Горадня і гарадзенцы». Гэта была 20-я ягоная кніга. Яе літаральна «размялі» яшчэ да пачатку прэзентацыі, на якой аўтар не змог прысутнічаць праз хваробу.

Апошняя праца Віктара Саяпіна – сапраўдная энцыклапедыя жыцця пасляваеннай Горадні. Змест сягае з 1944 году па 1974 год. Тут ёсць гісторыя афармлення гарадской рысы ў пасляваенныя часы, арганізацыя аховы здароўя гараджанаў, гісторыя пасляваеннай прамысловасці, адукацыі ды культуры.

Развітанне з краязнаўцам пройдзе ў суботу 4 лютага аб 11:30 у двары ягонага дома па вул. Ажэшкi, 49. А 12:00 адбудзецца адпяванне ў Свята-Пакроўскім саборы.

«Белсат» выказвае спачуванні сям’і і блізкім Віктара Саяпіна.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў