Памёр Уладзімір Цыплакоў, адзін з найлепшых хакеістаў Беларусі


Уладзімір Цыплакоў падчас адной з гульяў НХЛ. Фота – Lisa Gansky праз «Вікіпедыю»

Уладзімір Цыплакоў пайшоў з жыцця на 51-м годзе жыцця, паведамляе «Belarushockey.com».

Уладзімір Цыплакоў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Рэспубліцы Комі. У 1987 годзе перайшоў у менскае «Дынама» і застаўся ў Беларусі. Пасля развалу СССР Цыплакову прапанавалі беларускае грамадзянства і магчымасць гуляць за зборную.

У сярэдзіне 1990-ых Цыплакоў адправіўся ў ЗША. Ён стаў першым беларусам, які замацаваўся ў НХЛ. Праз год пасля яго загуляў Руслан Салей, у 2000-я з’явіліся Міхаіл Грабоўскі і браты Касціцыны.

У форме беларускай зборнай Цыплакоў удзельнічаў у двух Алімпіядах і шасці чэмпіянатах свету, на якіх зайграў у 46 матчах: напрыклад, браў удзел у легендарнай гульні супраць шведаў на Алімпіядзе 2002 года, якая скончылася перамогай над «Трыма каронамі» з лікам 4: 3.

Тройчы прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі.

Пасля заканчэння карʼеры гульца працаваў, між іншага, трэнерам у менскім «Дынама», омскім «Авангардзе» і салігорскім «Шахцёры».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў