Памёр у ноч пратэстаў, сваякі даведаліся праз 19 дзён. Што вядома пра смерць Аляксандра Будніцкага


Пахаванне Аляксандра Будніцкага. Мужчына знік каля ГЦ «Рыга» 11 жніўня і потым яго знайшлі мёртвым. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv

Пад Менскам на Дукорскіх могілках 3 верасня пахавалі 52-гадовага Аляксандра Будніцкага. Паводле Следчага камітэту, ён атруціўся этылавым спіртам. Аднак сябры лічаць, што смерць Будніцкага можа быць звязаная з дзеяннямі сілавікоў падчас разгону пратэстаў каля ГЦ «Рыга» ў Менску. Belsat.eu разбіраўся ў нестыкоўках афіцыйнай версіі.

Аляксандр Будніцкі працаваў на Менскім заводзе шасцерняў і жыў у інтэрнаце на вуліцы Батанічнай – у некалькіх прыпынках ад ГЦ «Рыга». Раней ягоны сусед Сяргей распавядаў belsat.eu, што апошні раз яго бачылі а 6-й раніцы 11 жніўня. Пасля гэтага мужчына не выйшаў на працу (паводле графіку, у яго ў той дзень была другая змена) і больш не з’яўляўся па месцы жыхарства. Толькі 31 жніўня стала вядома, што ён памёр. 3 верасня яго пахавалі на Дукорскіх могілках. Калегі і суседзі Будніцкага па інтэрнаце мяркуюць, што ягоная смерць звязаная з брутальнымі дзеяннямі сілавікоў падчас разгону пратэстаў каля ГЦ «Рыга».

Фота дасланае суседам Аляксандра Будніцкага

«Вострае атручванне этылавым спіртам»

2 верасня Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз, прысвечаны справе Будніцкага. Там сцвярджаецца, што смерць мужчыны ніяк не звязана з падзеямі каля «Рыгі» – ён памёр у іншай кропцы гораду.

«Позна ўвечары 11 жніўня ў скверы паблізу аднаго з дамоў на вуліцы Берасцянскай у Менску мужчына папрасіў у мінакоў запаліць. У нейкі момант 52-гадоваму жыхару Менска стала дрэнна, у выніку чаго ён упаў. Нягледзячы на праведзеныя медычнымі работнікамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, мужчына памёр на месцы», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

У СК сцвярджаюць, што прычынай смерці Будніцкага «з’явілася вострае атручванне этылавым спіртам».

«Я ведаў, што адбывалася каля «Рыгі» і першы забіў трывогу»

Барыкады каля ўніверсамy «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

Аднак у афіцыйнай версіі ёсць шэраг нестыковак. У прэс-рэлізе СК сцвярджаецца, што Будніцкі не знікаў без вестак: «Пры сабе ў загінулага знаходзіліся дакументы, па якіх асоба адразу была высветленая». Але сваякам Будніцкага паведамілі пра ягоную смерць толькі праз 19 дзён – 31 жніўня. Больш за тое, сябры Будніцкага за гэты час самі звярталіся ў міліцыю з заявай аб знікненні чалавека (гэтым займаліся сябры, бо сваякі Аляксандра жывуць не ў Менску).

«Я ведаў, што адбывалася каля «Рыгі» і першы забіў трывогу», – кажа сусед памерлага Сяргей.

Барыкады каля ўніверсамy «Рыга». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Belsat.eu / Vot-tak.tv

Сябрам Будніцкага ў міліцыі ніхто не сказаў, што ягоны труп ужо даўно знойдзены.

Заява пра знікненне была зарэгістраваная 20 жніўня. Адказ на зварот быў падпісаны 26 жніўня, а дасланы Сяргею толькі 31-га. Там змешчаная тая ж інфармацыя, што і ў прэс-рэлізе СК.

Да таго ж, хаця асобу Будніцкага міліцыя высветліла яшчэ 12 жніўня, ніхто не паведаміў пра гэта на працу або сваякам.

Валянцін Будніцкі на пахаванні брата. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv

Брат памерлага Валянцін Будніцкі даведаўся пра смерць сваяка 31 жніўня таму, што сам пачаў актыўна абзваніваць міліцыю. Следчы сказаў, што ніякіх падставаў для распачынання крымінальнай справы няма.

«Гэта не яны мне пазванілі, а я пачаў званіць па следчых і збіраўся аб’язджаць моргі. Хаця б яны выбачыліся і даслалі тлумачэнні, чаму так здарылася: што 12-га жніўня яго апазналі, а 31-га толькі даведаўся я. Але нібыта ў іх была інфармацыя, што няма сваякоў. Я не ведаю, як гэта магчыма, пры цяперашняй тэхніцы не даведацца пра сваякоў, тым больш пры ім быў мабільны тэлефон…» – кажа Валянцін.

Тады ў размове з Валянцінам міліцыянт сказаў, што цела Будніцкага знайшлі недалёка ад ГЦ «Рыга», а зусім не на Берасцянскай.

Фота з ТГ Следчага камітэту

Як Будніцкі апынуўся на Берасцянскай?

Суседзі не ведаюць, чаму 11 жніўня Будніцкі не выйшаў на працу. Раней ён нібыта казаў пра намер «узяць адгул».

Сяргей кажа, што сам Будніцкі ў акцыях пратэсту ўдзелу не прымаў, але мог выпадкова «трапіць пад замес» каля ГЦ «Рыга».

«Ён чалавек спакойны, але вельмі цікаўны. Ён мог проста праз дапытлівасць паехаць і паглядзець, што там адбываецца. Тым больш, што мы яму раней распавядалі пра гэтыя падзеі, абмяркоўвалі ўсе разам», – тлумачыць сусед Сяргей.

Што мог рабіць Будніцкі ноччу на вуліцы Берасцянскай – ніхто не ведае. Сяргей сцвярджае: у яго была абмежаванае кола кантактаў, сябраваў ён толькі з суседзямі і калегамі па працы.

Вядома, што ў раёне вуліцы Берасцянская няма начных крамаў, куды тэарэтычна мог бы пайсці мужчына. А вось як раз у ГЦ «Рыга» такая крама ёсць – «Суседзі». Хаця ў дні пратэстаў яе ўвечары зачынялі.

«Хуткая прастаяла гадзіны дзве»

Машына хуткай дапамогі на галоўным праспекце сталіцы.
Фота: «Белсат»

Вуліца Берасцянская знаходзіцца каля сквера Сымона Балівара. Побач – амбасады Лівана і КНР. Жыхары дому №17 распавялі, што сапраўды ў ноч з 11 на 12 жніўня ў сквер прыязджала машына хуткай дапамогі.

«Ноччу мы выйшлі на балкон, бо пачулі, як у скверы ля лаўкі гучна сварацца двое хлопцаў і дзяўчына. Гаворка ішла пра тое, што камусьці стала кепска і трэба выклікаць хуткую. Дзяўчына крычала, каб гэтага не рабілі, маўляў, тады на іх «усё зваляць». Але неўзабаве хуткая ўсё ж прыехала», – кажа адна з жыхарак дому.

Паводле яе, медыкі прыехалі без сірэны, машына прыпаркавалася ля пад’езду, з яе выйшаў супрацоўнік і пайшоў у бок сквера.

«Што ён там рабіў, я не бачыла, бо тая лаўка закрытая дрэвамі, але прабылі медыкі вельмі доўга. Машына хуткай прастаяла гадзіны дзве і з’ехала. Я не бачыла, каб кагосьці занасілі ў яе», – дадае наша крыніца.

Жыхары дому №17 таксама сцвярджаюць, што ў тую ноч дакладна не бачылі ў скверы следчых або міліцыі. Звычайна пры здарэннях міліцыянты абыходзяць кватэры, каб запісаць паказанні людзей, якія маглі нешта бачыць. Але нічога падобнага не адбывалася. Пры гэтым у рэлізе СК сцвярджае, што следча-аператыўная група выбыла на месца, дзе знайшлі труп.

«Хутчэй за ўсё, была забарона на выдачу цела»

Пахаванне Аляксандра Будніцкага. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv

Як заявілі ў СК, цялесных пашкоджанняў, «за выключэннем атрыманых у выніку падзення з вышыні ўласнага росту», у Будніцкага нібыта выяўлена не было.

Пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтую інфармацыю цяпер немагчыма. У размове з belsat.eu эксперт у галіне судовай экспертызы адзначыў, што праз столькі часу труп фактычна расклаўся, таму выявіць канкрэтныя пашкоджанні вельмі складана.

Чаму цела так доўга не перадавалі сваякам?

«Хутчэй за ўсё, была забарона на выдачу цела. Або не адразу прыйшла пастанова на анатаміраванне. Але першы варыянт – больш імаверны», – мяркуе эксперт.

У сваю чаргу сусед памерлага Сяргей лічыць, што цела Будніцкага не выдавалі тры тыдні для таго, каб замесці сляды.

«Ад алкаголю ён бы не памёр»

Пахаванне Аляксандра Будніцкага. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv
Пахаванне Аляксандра Будніцкага. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv

3 верасня сваякі забралі труп Аляксандра Будніцкага з моргу дзяржаўнай службы медычных судовых экспертызаў. Цела перадавалі ў пакеце, хавалі ў закрытай труне.

Пахаванне Аляксандра Будніцкага. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv

Брат памерлага Валянцін не падтрымлівае версію сяброў, у адпаведнасці з якой смерць брата звязаная з падзеямі каля «Рыгі». Але і ў афіцыйнай версіі ён сумняецца і не разумее, чаму яму паведамілі пра смерць брата толькі праз тры тыдні.

Пахаванне Аляксандра Будніцкага. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv

Валянцін прызнае, што ў брата «былі праблемы з алкаголем». «Але нават калі б бутэльку ён выпіў, то проста з заснуў ды ўсё. Ад алкаголю ён бы не памёр – ён быў праспіртаваны. Таму хутчэй за ўсё быў тромб – у яго ўжо двойчы тромб адрываўся. Калі б яго мэтанакіравана павезлі ў нейкі кардыялагічны цэнтр, то можа б выратавалі. Але прамарудзілі», – кажа ён.

За час пратэстаў, паводле МУС, затрымалі каля 7000 асобаў.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, якога, паводле відэакрыніц, застрэлілі на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня. Афіцыйна прычына смерці высвятляецца.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла аўта на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня ў вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова. Сябра ўчастковае камісіі, ён адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.
  • Мікіта Крыўцоў стаўся шостым актывістам, які загінуў у Беларусі з пачатку пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Ён знік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова знайшлі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску.
Інтэрв’ю
«Па наіўнасці мы думалі, што ў камерах – па 30 чалавек». Арыштант Акрэсціна пра тое, колькі можа змясціць ЦІП, абліванні мачою і экспрэс-прысуды
2020.09.01 15:46

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў