Памёр расейскі пісьменнік і радыкальны палітык Эдуард Лімонаў


У Расеі ва ўзросце 77 гадоў памёр пісьменнік і радыкальны палітык Эдуард Лімонаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба ягонай партыі «Іншая Расея».

Паводле тэлеграм-каналу Mash, палітык доўга хварэў, перанёс дзве аперацыі. Ён памёр 17 сакавіка.

Эдуард Лімонаў (сапраўднае прозвішча – Савенка) нарадзіўся ў Дзяржынску Горкаўскай вобласці СССР. У савецкія часы ўдзельнічаў у дысідэнцкім руху, эміграваў у ЗША. У 90-х вярнуўся ў Расею, заняўся палітыкай.

Прытрымліваўся радыкальных шавіністычных і адначасова ўльтралевых поглядаў. Апраўдваў сталінскія рэпрэсіі, выступаў за імперскае дамінаванне Расеі і агрэсіўную вонкавую палітыку. У 90-х Лімонаў асабіста ўдзельнічаў у вайне ў Югаславіі, у канфліктах у Абхазіі і Прыднястроўі.

Заснаваў у 1993 годзе Нацыянал-бальшавіцскую партыю, якую ў 2007 годзе ў Расеі забаранілі як экстрэмісцкую. Ёй на змену прыйшла партыя «Іншая Расея», аднак афіцыйна яна зарэгістравана не была. Сам Лімонаў у 2001 годзе быў арыштаваны паводле абвінавачвання ў захоўванні зброі і стварэнні незаконных узброеных фармаванняў (паводле следства, ён планаваў прарасейскае паўстанне ў Казахстане). Лімонава пакаралі 4 гадамі пазбаўлення волі, але вызвалілі датэрмінова ў 2003-м.

У 2000-х Лімонаў знаходзіўся ў апазіцыі Пуціну, арганізоўваў акцыі пратэсту. Але стаў падтрымліваць палітыку Крамля пасля пачатку расейскай анексіі супраць Украіны. Ягоная партыя «Іншая Расея» удзельнічала ў арганізацыі адпраўкі баевікоў на Данбас.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў