Памёр лаўрэат Пуліцэра Герман Воўк. Ягоныя бацькі былі з Беларусі


Герман Воўк у красавіку 2010-га. Фота – National Photo Group / Forum

У ЗША памёр уладальнік Пуліцэраўскай прэміі пісьменнік Герман Воўк. Пра гэта «Associated Press» падае са спасылкай на літаратурнага агента творцы.

Пісьменнік памёр у сне на 104-м годзе жыцця ў Каліфорніі.

Герман Воўк нарадзіўся ў Нью-Ёрку, у сям’і габрэйскіх эмігрантаў. Ягоныя бацькі прыехалі ў Злучаныя Штаты з Беларусі, заўважае партал «Israelnationalnews».

Воўк скончыў Калумбійскі ўніверсітэт, потым браў прыватныя заняткі і працаваў радыёвядоўцам. Браў удзел у Другой сусветнай як ваенны марак. Службу на караблі апісаў у сваім першым рамане «The Caine Mutiny» («Бунт на караблі»), за які атрымаў Пуліцэраўскую прэмію.

Паводле раману знялі фільм, які атрымаў сем намінацыяў на прэмію «Оскар».

Апроч ваенных дзеянняў на Ціхім акіяне ў сваіх наступных творах Воўк апісваў Галакост і іншыя падзеі Другой сусветнай.

Воўк сябраваў з мноствам вядомых людзей – прэм’ер-міністраў Ізраілю Давідам Бэн-Гурыёнам і Іцхакам Рабінам, лаўрэатамі Нобэлеўскай узнагароды пісьменнікам Солам Белау і Элі Візэлем.

Даўгавечнасць Воўка натхніла Стывена Кінга да назвы аднаго з апавяданняў, «Герман Воўк яшчэ жывы».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў