Памёр беларускі пісьменнік Іван Пташнікаў


Пайшоў з жыцця беларускі празаік Іван Пташнікаў. Яму было 83 гады.

Пра смерць пісьменніка паведаміла ў «Фэйсбуку» беларуская паэтка Аксана Спрынчан.

Іван Пташнікаў нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Задроздзе каля Плешчаніц. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэту БДУ (1957). Быў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957–1958), рэдактарам аддзелу прозы часопісу «Маладосць» (1958–1962), з 1962 – рэдактарам аддзелу прозы часопісу «Полымя». Быў чальцом саюзу пісьменнікаў БССР з 1959.

Галоўная ў творчасці Пташнікава – вясковая тэматыка, веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў. У ягонай прозе праяўлялася асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, гучаў матыў вайны ў лёсах людзей. Тэму вайны Пташнікаў раскрываў вельмі асабіста, перажыўшы яе падлеткам.

Самыя вядомыя творы Пташнікава – аповесць «Лонва» (1965, 1982), аповесць «Тартак» (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 годзе аднайменны тэлефільм), раманы «Мсціжы» (1972) ды «Алімпіяда» (1985), аповесць «Пагоня» (1999).

Папулярнымі былі таксама апавяданні Пташнікава «Львы» (1987) ды «Алені» (1962).

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў