Памёр беларус, які абараняў ад немцаў Варшаву і ратаваў Кракаў


На 104-м годзе жыцця памёр савецкі выведнік, нарадзінец Беларусі Аляксей Бацян, які кіраваў аперацыяй для ратавання польскага Кракава ў студзені 1945 года. Пра гэта паведамляе РИА Новости.

У мінулы панядзелак выведніку споўнілася 103 гады.

Аляксей Бацян нарадзіўся ў вёсцы Чартовічы ў цяперашнім Валожынскім раёне на Меншчыне. У 1939 годзе яго прызвалі ў Польскае войска. У баях пад Варшавай ён збіў тры нямецкія «Юнкерсы». Пазней Бацян трапіў у савецкі палон і быў завербаваны НКУС.

Аляксей Бацян. Фота Krasnova Alexandra / TASS / Forum

У 1943 годзе яго ў складзе разведвальна-дыверсійнага аддзелу «Алімп» накіравалі ў раён украінскага гораду Оўруч. З 1944 года разам з аддзеламі польскай прасавецкай Арміі Людовай дзейнічаў у раёне Кракава.

Паводле расейскіх гісторыкаў, у студзені 1945 года Бацян выратаваў ад знішчэння нямецкімі войскамі Кракава. Але польскія даследчыкі гэта аспрэчваюць.

Пасля вайны Бацян працаваў у вонкавай выведцы ў якасці выведніка-нелегала, дапамагаў ствараць спецназ вонкавай выведкі КДБ СССР «Вымпел». Апошнія гады жыў у Маскве. У 2007 годзе яму надалі званне Героя Расеі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў