Памылка Францыска Скарыны


Доктар Францыск Скарына назаўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі як першадрукар, гуманіст і асветнік. Але паспяховым прадпрымальнікам яго цяжка назваць. Ягоная віленская друкарня існавала менш за 5 гадоў. Пасля яе закрыцця яшчэ паўстагоддзя кнігі ў Вільні працягвалі пісаць уручную ў скрыпторыях кляштараў. А вось другая друкарня, друкарня Мамонічаў, як ужо адкрылася на пачатку 1570-х, дык працавала ажно да 1623 г., пакуль яе ўласнік не перадаў яе Ордэну базылянаў. Чаму другая друкарня пратрымалася гэтак доўга?

На пачатку 1520-х гг. у Вільню прыехаў доктар медыцыны і вольных навук, выпускнік Падуанскага ўніверсітэту Францыск Скарына. Гэты палачанін у росквіце сілаў (яму было каля 30 гадоў) пры падтрыманні віленскага бурмістра Якуба Бабіча адкрыў першую ў Вялікім княстве Літоўскім друкарню. Гэтую справу Скарына ведаў добра – ён два гады выдаваў кнігі ў Празе пры падтрыманні таго ж Бабіча. Скарына быў не проста інжынерам-тэхнолагам, як сказалі б сёння, што працуе з кірылічнымі тэкстамі. Калі ён толькі нарадзіўся, такія тэксты ў Кракаве надрукаваў немец Швайпольт Фіёль. Скарыну робіць унікальным тое, што ён, як і прыстала сапраўднаму чалавеку эпохі Адраджэння, спалучаў шмат розных талентаў і прыўносіў шмат новага ў выдаваныя тэксты – ад аўтарскіх прадмоваў да арыгінальнага тлумачэння асобных месцаў, якія меліся зрабіць іх зразумелымі паспалітаму люду.

Віленская друкарня праіснавала менш за 5 гадоў. Пасля яе закрыцця доктар Скарына ўзяў свае кнігі і накіраваўся… у Маскву! Ці хацеў ён проста заваяваць новы рынак збыту, ці думаў адкрыць там новую друкарню, дакладна не вядома. Але вядома, што кнігі ў Скарыны канфіскавалі і спалілі, а сам ён уцёк з Масковіі што было сілы ў нагах.

Больш Скарына нічога ніколі не выдаваў. Беларускі кнігадрук замер на паўстагоддзя.

На пачатку 1570-х гг. у дворыку, куды выходзілі вокны былой друкарні Скарыны, зноўку пачулася рыпенне друкарскага прэса. Гэта пачаў працу Пётр Мсціславец. Пра яго вядома яшчэ менш, чым пра доктара Скарыну.

Мсціславец, як і Скарына, паходзіў з купецкай сям’і, але быў куды менш адукаваны. Пра гэта можна меркаваць хаця б з таго, што большасць свайго жыцця ён правёў у Масковіі, хоць родам ён быў з Мсціслава. Мяркуецца, што ён прыбыў у Вільню ва ўзросце каля 50 гадоў. Пётр Мсціславец, як і Скарына, не быў навічком у выдавецкай справе – ён разам са старэйшым калегам Іванам Фёдаравым выдаў першую расейскую друкаваную кнігу «Апостал».

Рэч у тым, што першы расейскі цар, 23-гадовы Іван Васільевіч, які пазней стане вядомы як Жахлівы, пастанавіў стварыць у Маскве друкарню. Пасля 10 гадоў (sic!) рыхтавання, у 1563 г. Мсціславец і Фёдараў выдалі там першы асобнік «Апостала». Але маскоўцы не вельмі змяніліся за тыя некалькі дзясяткаў гадоў, якія мінулі з часу візіту Скарыны, – праз тры гады друкары таксама мусілі ўцякаць ад пераследу ў Вялікае княства Літоўскае. У 1569 г. шляхі кампаньёнаў-уцекачоў разышліся, і Мсціславец паехаў у Вільню.

Новую віленскую друкарню фінансавалі магілёўскія браты-купцы Кузьма і Лука Мамонічы. Два пакаленні Мамонічаў няспынна і паспяхова друкавалі кнігі.

У чым жа была розніца? Чаму ў таленавітага Мсціслаўца з Мамонічамі выйшла тое, што не ўдалося геніяльнаму Скарыне з Бабічам? Як фінансаваўся беларускі друк у той час? Якая памяць пра беларускіх першадрукароў засталася сёння ў Вільні? Якія сляды?

Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч вырушае ў Вільню, каб разам з віленскай краязнаўцай Людвікай Кардзіс высветліць усё на месцы (відэа ў пачатку артыкула).

Глядзець іншыя выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі».

Стужка навінаў