Памыла падлогу – сцягнула скуру на руках. У двух раёнах Менску дагэтуль вада небяспечная для ўжывання


Так выглядаюць рукі, пасля мыцця вадой з-пад крана. Фота Алі Ракавай

Паступова сітуацыя з водаправоднай вадой у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы выпраўляецца: знікае непрыемны пах і астатнія паказнікі прыходзяць у норму. Але ўжываць яе для піцця ці прыгатавання ежы пакуль не рэкамендуюць. А вось для бытавых патрэбаў яна цалкам прыдатная. Пра гэта заяўляюць афіцыйныя крыніцы.

Пра знікненне непрыемнага паху з крану жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў Менску паведамлялі яшчэ ўчора, адзначаючы, што цяпер вада мае ўстойлівы пах хлору. Значна меншымі сталі чэргі каля цыстэрнаў і крыніцаў. І ўсё ж у большасці сваёй людзі асцерагаюцца ўжываць ваду з крану для піцця, але паціху спрабуюць вярнуцца да звыклага выкарыстання ў бытавых мэтах – прыняцця душу і прыборкі.

Hавiны
«Менскводаканал»: вада ўжо не пахне, але піць яе нельга
2020.06.26 10:47

Аля Ракава, жыхарка Каменнай горкі, паспрабавала сёння памыць водаправоднай вадой падлогу пасля чаго ў яе сцягнула і высушыла скуру на руках.

«У мяне праблемная скура і сапраўды, у залежнасці ад якасці вады, яе можа сушыць, яна можа лупіцца. Усе гэтыя двое содняў я не рызыкавала і мылася вадой з бутляў. Аднак сёння паху практычна не было з крану. Ды сказалі, што для тэхнічных патрэбаў вадой карыстацца можна», – апісвае сітуацыю дзяўчына.

Яна ўпэўненая, што прычынай такой рэакцыі скуры застаецца непрыдатная вада. Фота Алі Ракавай

«Я б магла наракаць на мыючы сродак, але я выкарыстала вадкае мыла, якім карыстаюся заўжды», – кажа Аля.

У Міністэрстве аховы здароўя зазначылі, што маніторынг якасці і бяспекі пітной вады працягваецца ў кругласутачным рэжыме. Толькі за апошнія содні праведзена больш 200 пробаў вады. На частцы тэрыторый Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў па выніку даследаванняў якасці вады ў начны час сутак арганалептычныя паказнікі, – смак, пах і колер, – ужо адпавядаюць патрабаванням.

Але застаюцца жылыя дамы, у тым ліку ў Цэнтральным раёне сталіцы, дзе існуюць адхіленні паказальнікаў паху вады.

Hавiны
«Толькі пра ўладу кепска не пішыце». Як «Белсат» у Менску ваду шукаў
2020.06.25 20:30

Нестандартныя вынікі лабараторных даследаванняў рэгістраваліся па наступных паказніках:

  • «пах» – да 5 балаў пры норме 2;
  • «акісляльнасць перманганатная» – 5,76 мгО/дм3 пры нарматыве не больш 5 мгО/дм3;
  • «нафтапрадукты» – 0,051-0,053 мг/дм3 пры нарматыве не больш 0,1 мг/дм3;
  • аміяк – 0,051-0,053 мг/дм3 пры нарматыве не больш 2,0 мг/дм3.

Таксама Міністэрства аховы здароўя падкрэслівае, што пры скарачэнні долі нестандартных пробаў, усё яшчэ выяўляюцца аб’екты, на якіх вада не адпавядае патрабаванням гігіенічных нарматываў па паху, хлорарганічных спалучэннях. Гэта ў першую чаргу сведчыць пра нестабільную сітуацыю па якасці вады.

Пры гэтым на сайце ўнітарнага прадпрыемства «Менскводаканалу» апублікавана інфармацыя, згодна з якой па выніках акрэдытаванай лабараторыі прадпрыемства вада ў размеркавальнай сетцы сталіцы адпавядае санітарным правілам і нормам.

Абноўлена
Куды менчукам ехаць па чыстую ваду? Мапа
2020.06.25 12:43

Пакуль жа працягваюцца даследаванні проб вады па фізіка-хімічным паказнікам пасля правядзення ачышчальных работ спецыялістамі «Менскводаканалу» у супрацы з МНС. Пра вынікі Міністэрства аховы здароўя абяцае паведаміць дадаткова.

На самім жа прадпрыемстве спадзяюцца, што ў хуткім часе будуць зняты забароны па спажыванні водаправоднай вады для піцця. Зрабіць гэта можна будзе пасля пацвярджэння яе якасці Менскім гарадскім цэнтрам гігіены.

Хрысціна Чарняўская, belsat.eu

Стужка навінаў