Памяці Марыі Скуратовіч – беларускай каталічкі, патрыёткі, музыкі

Раніцай 11 студзеня закончыўся жыццёвы шлях важнага для беларускай культуры і Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі чалавека – Марыі Скуратовіч.

Жанчына адданая хрысціянскай веры, Беларусі і музычнай творчасці, яна пераклала і напісала вельмі вялікую частку тых песняў, якія зараз спяваюць у касцёлах па ўсёй краіне, а таксама беларускія пілігрымы, калі крочаць па дарогах у Будслаў, у Тракелі ці іншыя святыя месцы.

Нарадзілася Марыя Скуратовіч у вельмі веруючай каталіцкай сям’і з поўначы Беларусі – яе маці Ванда Скуратовіч у часы вайны ўдзельнічала ў ратаванні жыдоўскай сямʼі, за што была прызнаная Ізраілем Праведнікам народаў свету. У 1980 годзе, у тым ліку дзякуючы ахвярнасці Ванды Скуратовіч, у Менску дазволілі адчыніць першы з часоў Другой сусветнай вайны касцёл – на Кальварыйскіх могілках.

Яшчэ напачатку 90-ых, калі беларускасць у Касцёле толькі адраджалася, Марыя Скуратовіч запісала касету песняў «Табе Хрысце!», грала на арганах у касцёлах, натхніла шмат людзей граць музыку, пісаць песні і спяваць на роднай мове.

Шматлікія беларускія вернікі зараз згадваюць Марыю Скуратовіч.

«Перакладала на беларускую мову каталіцкія касцельныя спевы, арганізоўвала хрысціянскія сустрэчы. Мне пашчасціла быць адной з першых з Марыяй у яе суполцы. Мы разам маліліся, спявалі, вандравалі, размаўлялі пра веру і пра ўсё-усё-усё! Усё нам было цікава і каштоўна! Я з ёй ішла ў другую пешую пілігрымку да Будслава. Нас тады было чалавек 27 з Менску, не 500 яшчэ!» – кажа верніца Юлія Казіміровіч.

90-ыя. Марыя Скуратовіч – з гітарай. Фота з Facebook Ester Podole

Улічваючы, якое значэнне мае музыка і спеў у касцельным жыцці, без такіх людзей, як Марыя Скуратовіч, Касцёл у Беларусі зараз несумненна быў бы значна менш беларускім.

«Калі 20 гадоў таму я выступіў з ідэяй пачаць беларускамоўныя імшы ў налібоцкім касцёле, мы сутыкнуліся з процьмай праблем. Адсутнасцю тэкстаў, напрыклад. Але яшчэ горш было з беларускамоўнымі спевамі. Мы іх ня ведалі, і ня ўмелі спяваць. Але ў мяне была цудоўная кніжачка «Ды-джэі Адраджэньня», і там быў нумар Марыі. Я патэлефанаваў, патлумачыў праблему, яна пасмяялася з нашай «праблемы», запісала назву аўтобусу Менск-Кляцішча да Налібак і сказала чакаць праз пару дзён. Прыехала, прывезла спеўнікі, якія сама ўклала і наступныя два дні вучыла моладзь беларускім каталіцкім спевам. А ў нядзелю была першая ў гісторыі нашай парафіі імша па-беларуску. Марыя была на ёй і ва ўсім нам дапамагала», – распавядае журналіст Зміцер Гурневіч.

У яе быў чароўны голас (спасылка ў камэнтарах). Цешуся, што пасьпеў сказаць дзякуй Марыі Скуратовіч. Яна была…

Opublikowany przez Dźmitrego Hurnievič Niedziela, 12 stycznia 2020

Ня менш за 12 апошніх год жыцця Марыя Скуратовіч змагалася з ракам, але заставалася такой жа жыццярадаснай, творчай і актыўнай.

Асабіста я пазнаёміўся з пані Марыяй у 2010 годзе, калі пачаў жыць у Беларусі. Так супала, што нас пазнаёмілі касцельныя сябры – мне трэба было здымаць кватэру, а пані Марыі трэба было кватэру здаць, бо ў той час яна ўжо не жыла ў Менску. Не пасябраваць з такім чалавекам было немагчыма.

Марыя Скуратовіч. Фота з Facebook Святлана Рагалевіч

Мы шмат размаўлялі, пані Марыя спрабавала вучыць мяне граць на гітары, распавядала пра гісторыю кватэры, у якой вырасла на вуліцы Сядых – там у часы савецкага прыгнёту была падпольная каталіцкая капліца. У яе кватэры на Залатой Горцы дагэтуль на сценах вісела шмат іконаў. Тут жа яна запрашала і знаёміла мяне са сваймі сябрамі.

Яна была чалавекам, які яднаў і натхняў, заўсёды быў гатовы дапамагчы парадай і ідэяй.

Святая Імша ў памяць Марыі Скуратовіч адбудзецца ў Касцёле святых Сымона і Алёны (Чырвоным) 13 студзеня, а 17:00. Пазней у памяшканні пад касцёлам адбудзецца сустрэча тых, хто яе ведаў і любіць яе музыку і спевы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў