Памятаюць толькі могілкі. Як знікла самая старая татарская вёска ў Беларусі


У гістарычных крыніцах Некрашунцы з’яўляюцца ў далёкім XV ст. Яшчэ 70 гадоў таму тут віравала мусульманскае жыццё, пра якое сёння нагадваюць толькі зарослыя татарскія могілкі. Куды зніклі некрашунскія татары, дазнаваліся журналісты «Белсату».

Вёска Некрашунцы месціцца пры самай мяжы з Літвой, на поўначы Гарадзенскай вобласці. Сёння тут можна ўбачыць адно некалькі апусцелых хутароў, парослых хмызняком. Навокал цішыня, якую зрэдку баламуцяць маленькія курапаткі з калгаснага поля. Мы прыехалі, каб адшукаць сляды магаметанскай культуры, якая квітнела тут яшчэ 70 гадоў таму. Татараў з ваколіц суседніх Алякшышак, Мількунцаў, Уланаўшчыны, Талькунцаў, Камейшаў да іншых хутароў і вёсачак тут збірала драўляная мячэць, ад якой засталося некалькі камянёў на калгасным полі.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У дзяцінстве мячэць наведваў выбітны палітык, генерал-лейтэнант, даследчык літоўскіх татараў, адзін з першых прэм’ер-міністраў Крыму Мацей Сулькевіч, які нарадзіўся ў Камейшах. Цікава, што яшчэ да вайны, на самым пачатку ХХ ст., на рамонт мячэці ў Некрашунцах ахвяравалі сродкі каралеўскі ўрад у Егіпце і татары ЗША. Будынак разабралі яшчэ ў 1950-я і аддалі на гаспадарчыя пабудовы.

Мінуўшы пустыя хутары, мы даехалі да могілак, якія па-татарску завуцца мізар. Лічыцца, што самыя старыя пахаванні тут ад ХІХ ст. Аднак у гістарычных крыніцах Некрашунцы згадваюцца яшчэ ў 1415 г. Хто ведае, можа, пад гэтымі магіламі хаваюцца больш старажытныя пахаванні? У Некрашунцах засталося два мізары. Блукаючы сярод каменных плітаў, на некаторых яшчэ можна разабраць арабскую вязь, якой пісаліся імёны памерлых і малітвы з Карану. Адзін мізар быў для багатых і выбітных татараў, іншы – для бедных. На жаль, жывых татараў у Некрашунцах не засталося.

Зоф’я Крыніцкая.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Апошняя жывая татарка

Адзіную старую татарку мы знайшлі ў суседняй вёсцы Алякшышкі. Як аказалася, Зоф’я Крыніцкая нарадзілася ў Некрашунцах, і сёння яна апошняя сведка татарскага жыцця ў ваколіцы.

«А якое вашае мусульманскае імя?» – пытаюся, бо ў кожнага беларускага татарына ці татаркі ёсць два імені, для сваіх і чужых.

«Хрышчаная я – Зэлійма. Крыніцкая па мужу, дзявочае прозвішча – Мухарская, – пачынае свой аповед жанчына. – Я з 35-га года. Як жылі? Уся ваколіца была татарская, аж пад Уланаўшчыну. Мячэць стаяла, потым разабралі яе. А што дзяды? Жылі, мучыліся. Нас трое ў мамы было. Брат у Польшчы памёр, сястра на Літве была – памерла. І я адна засталася. Пасля вайны калгас быў. Усё забралі, коней, вазы. Выжывалі тым, што бульбу садзілі, карову трымалі. А так, паляводам у калгасе 22 гады адпрацавала».

Апошняя татарка з мусульманскай парафіі ў Некрашунцах, Зэлійма Крыніцкая.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пасля вайны татарскія сем’і з некрашунскіх ваколіцаў масава эмігравалі ў Польшчу

Як распавяла Зэлійма Крыніцкая, мясцовы мална (мална – мула, мусульманскі святар), як і шмат якія татары, пасля вайны з’ехаў у Польшчу. Вучыць маліцца і чытаць Каран не было каму. Мячэць пуставала. У Заходняй Беларусі 1940–1950-х гг. татараў рэпрэсавалі, як і іншых прадстаўнікоў заможнага стану. У 1950-я шмат якія татарскія сем’і – як былыя грамадзяне Польшчы, рэпатрыяваліся з Беларусі на панямецкія тэрыторыі. Бацька Зэліймы падзяліў лёс шматлікіх заходніх беларусаў: яшчэ ў 1939 годзе пайшоў у польскае войска, у 1940-м пад Крывым Рогам ва Украіне трапіў у савецкі палон, потым разам з арміяй генерала Андэрса ў Англію, а пасля вайны перабраўся ў Гданьск, куды і спрабаваў перацягнуць сям’ю.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Бацьку Матвей клікалі, па-нашаму Мэхмэт. Забіраў ён нас, забіраў… Мама спрабавала дакументы зрабіць, але не атрымалася. Я ўжо замужам была, іншае прозвішча, таму цяжэй было. Дзядзька наш затое паехаў з сям’ёй. Сястра ягоная з мужам у Літву з’ехала. І так шмат хто. Тут жа шмат татараў жыло, але як сталі калгасы, дык людзі паўцякалі. Хто ў Польшчу, хто ў Літву. А моладзь, хто ў гарадах вучыўся, там і заставаліся, – хто ў Іўі, хто ў Горадні. Разляцеліся, і нікога не засталося», – распавядае жанчына.

Паколькі ні мячэці, ні духоўнага настаўніка ў ваколіцы не было, рэлігійнае жыццё мясцовых татараў занікала. Адзіная старэйшая татарка, якая ўмела чытаць Каран, памерла, а «хрысціць» (г. зн. «азаніць» – спраўляць адмысловыя малітвы пры нараджэнні дзіцяці) ці хаваць некрашунскія татары ездзілі ў іншыя месцы, дзе быў мална.

Мугір з малітвамі беларускія татары вешаюць у сваіх хатах, як абразы ў каталікоў і праваслаўных.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Пахаванне маці Зэліймы ў Сорак Татарах. Фота з архіву З. Крыніцкай.

Свініну пачала есці, калі ляжала ў шпіталі з менінгітам

«Мама мая не ўмела чытаць малітваў. Татарская мова цяжкая. Дзед на чыгунцы працаваў, і да вайны яны жылі ў Арэнбургу ў Расеі. А як рэвалюцыя пачалася, дзед памёр, а маці вярнулася апухлая. Стаў голад, катоў і сабак нават елі. А мяне ўжо ніхто і не вучыў. Закон татарскі такі, што надта трэба вучыцца і вучыцца. А тут вайна. Свініну, як малыя былі, не елі. А потым я ляжала ў шпіталі з менінгітам у 1953 годзе, то вядома, там усё тлустае, прывыкла і ўжо без розніцы стала. Сама нават кабаноў трымала», – кажа Зэлійма.

Мясцовыя татары, хоць не ўмелі маліцца, але ўсё адно спраўлялі святы – Курбан Байрам, Ашура Байрам. Пяклі пірагі, стараліся ў святы не працаваць. У хаце Зэліймы ў адным з кутоў вісіць старажытны мугір.

«Гэта як абраз па-мусульманску. Толькі ў нас замест іконы татарскія малітвы. Ад мамы застаўся. Ёсць яшчэ і Каран стары», – тлумачыць жанчына.

Фота з архіву З. Крыніцкай
Курбан Байрам у Іўі 90-я гг.
Стары Каран які застаўся Зэлійме Крыніцкай ад маці.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Разам з Каранам, якому не менш за 200 гадоў, Зэлійма выцягнула старыя фотаздымкі сваёй сям’і, на якіх можна ўбачыць, як жылі мясцовыя татары. Ёсць здымак з пахавання маці ў Сорак Татарах 18 гадоў таму, Курбан Байрам ў іўеўскай мячэці, калі будынак яшчэ быў блакітны, а вось і самае старое фота – маці Зэліймы разам з братам, які эміграваў у Польшчу.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Жылі, нічога добрага не бачылі, а цяпер жыць і жыць, дык паміраць трэба. Прашу толькі Бога, каб на сваіх нагах», – на развітанне кажа Зэлійма.

  • Сёння ў Беларусі жыве крыху больш за 7000 нашчадкаў ваяўнічых татараў, якіх 600 гадоў таму запрасіў у ВКЛ князь Вітаўт. На пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі дзеяла больш за 20 мячэцяў, сёння іх засталося толькі 8. Культура і традыцыі беларускіх татараў, якая захоўвалася стагоддзямі, заняпала ўсяго толькі 70 гадоў таму. Войны, барацьба савецкай улады з «опіюмам для народу», руйнаванне мячэцяў і мізараў, рэпрэсіі, рэпатрыяцыі, пазней перасяленне моладзі ў гарады. Такім чынам пра магаметан у Некрашунцах сёння нагадваюць толькі маўклівыя мізары з паваленымі надмагіллямі.

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў