Памочніка прадстаўніка Пуціна на Урале затрымалі за дзяржаўную здраду


Аляксандр Вараб’ёў.
Фота: uralfo.gov.ru

У Расеі затрыманы памочнік паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ва Уральскай федэральнай акрузе. Яго вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе.

Пра затрыманне грамадзяніна РФ Аляксандра Вараб’ёва, які падазраецца ў здзяйсненні дзяржаўнай здрады, паведамілі ў ФСБ. Затрыманне адбылося 4 ліпеня ў межах узбуджанай паводле арт. 275 КК Расеі крымінальнай справы.

Пазней стала вядома, што затрыманы з’яўляецца памочнік паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ва Уральскай федэральнай акрузе. 5 ліпеня Ляфортаўскі суд Масквы арыштаваў яго на два месяцы. Пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме для захавання таямніцы следства, паведамляе «Интерфакс».

Hавiны
У Маскве затрыманыя шэсць працаўнікоў ФСБ
2019.07.05 14:42

Паводле інфармацыі на сайце Уральскай федэральнай акругі, 39-гадовы Варабʼёў з’яўляецца сапраўдным дзяржаўным дарадцам РФ трэцяга класа. У 2018 годзе ён быў узнагароджаны падзякай ад Уладзіміра Пуціна.

У 2000 – 2005 гадах Вараб’ёў працаваў ва ўпраўленні федэральнай рэгістрацыйнай службы па Калінінградскай вобласці. У 2006-2008 гадах займаў пасады ў органах мясцовага самакіравання, з 2010 па 2017 гады знаходзіўся на кіраўнічых пасадах ва ўрадзе Калінінградскай вобласці.

У 2017 годзе яго прызначылі федэральным інспектарам па Карэліі, са студзеня 2018 года кіраваў апаратам памочніка прэзідэнта РФ Мікалая Цуканава. Памочнікам паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў УРФА Варабʼёў быў прызначаны ў ліпені 2018 года.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў